Дзмітрый Шастаковіч – Сімфонія №7 “Ленінградская”, ор.60
СВЯТОЧНЫ КАНЦЭРТ ДА ДНЯ ПЕРАМОГІ
Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь
Галоўны дырыжор – народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў
***
У святочныя дні Вялікай Перамогі Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь прэзентуе несмяротны твор Дзмітрыя Шастаковіча – Сімфонію №7 (“Ленінградскую”).
5 мая 2022 года на сцэне Вялікай канцэртнай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў маштабным выкананні Сімфоніі возьме ўдзел Сімфанічны аркестр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.
За дырыжорскім пультам – народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў.
“Сёмая сімфонія прысвечана трыумфу чалавечага ў чалавеку … Напісаная ў Ленінградзе, яна вырасла да памераў вялікага сусветнага мастацтва, зразумелага на ўсіх шыротах і мерыдыянах, таму што яна расказвае праўду пра чалавека ў небывалую часіну яго бедстваў і выпрабаванняў. Сімфонія празрыстая ў сваёй велізарнай складанасці, яна і суровая, і па-мужчынску лірычная, і ўся ляціць у будучыню…” (А.Талсты).
Прэм’ера сімфоніі адбылася 5 сакавіка 1942 года ў Куйбышаве, дзе ў той час знаходзілася ў эвакуацыі трупа Вялікага тэатра. Выкананне транслявалася радыёстанцыямі як на тэрыторыю Савецкага Саюза, гэтак і за мяжу, а адкрывала трансляцыю выступленне самага аўтара.
Грамадскасць усяго свету ўспрыняла выкананне Сёмай сімфоніі як падзею велізарнай важнасці. Неўзабаве з-за мяжы сталі рабіць запытанні выслаць партытуру. Найбуйнейшыя аркестры заходняга паўшар’я супернічалі за права першага выканання сімфоніі. Выбар кампазітара ўпаў на Артура Тасканіні. Праз свет, ахоплены агнём вайны, паляцеў самалёт з каштоўнымі мікраплёнкамі, і 19 ліпеня 1942 года Сёмая сімфонія была выканана ў Нью-Ёрку. Так пачалося яе пераможнае шэсце па ўсім свеце.
Але ніводнае выкананне на заходніх сцэнах не магло прыраўнацца да маштабаў прэм’еры ў блакадным Ленінградзе. 9 жніўня 1942 года, пад грукат артылерыі, музыка Шастаковіча гучала ў кожнай доме, на вуліцах, бо трансляцыя вялася па радыё і праз вулічныя гучнагаварыцелі. Яе чулі не толькі жыхары горада, але і нямецкія войскі, якія абложвалі горад.
Сёмая “Ленінградская” сімфонія – адна з найвялікіх партытур XX стагоддзя. Гісторыя яе стварэння і першых выкананняў, сіла і маштаб уплыву гэтай музыкі на сучаснікаў сапраўды ўнікальныя. Само імя Шастаковіча для шырокай публікі апынулася назаўжды злучаным са “знакамітай ленінградкай”, як назвала сімфонію Ганна Ахматава.
І па сканчэнні 80 гадоў чарговай вяхой на шляху гэтага музычнага помніка гераічнасці савецкага народа стане Вялікая канцэртная зала Мінскай філармоніі.
Інфармацыя пададзена Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь