Білетная каса:

+375 17 396-16-17

Замаўленне БІЛЕТАЎ

Год качества

Гісторыя

Беларуская дзяржаўная філармонія пачынала свой шлях у 30-я гады ХХ стагоддзя, спачатку не маючы нават свайго памяшкання: у непрыстасаваных для рэпетыцый умовах, пазбаўленых акустычнага мінімуму, так неабходнага для стварэння новых музычных калектываў.

Першы галоўны дырыжор сімфанічнага аркестра Белдзяржфілармоніі –знакаміты педагог і музыкант Ілья Мусін, узгадваў: “канцэртнай залай філармоніі з’яўлялася памяшканне клуба. Няўтульнае, пустое фае, гэтак жа непрывабная зала. Замест эстрады - тыповая клубная сцэна з кужэльнымі парталамі. Акустыка агідная. Нядзіўна, што гэта памяшканне не спрыяла прыцягненню слухачоў”. Але жыццё не стаяла на месцы, і бурны час патрабаваў пераменаў, змяняў стэрэатыпы і сістэму каштоўнасцяў. Сталічная публіка запаўняла няўтульныя залы і прагнула музыкі Бетховена, Брамса, Чайкоўскага, Глазунова, з захапленнем і шчырым здзіўленнем слухала ў выкананні першых філарманічных калектываў беларускія народныя песні, танцы, творы першых беларускіх савецкіх кампазітараў. Дэкады беларускага мастацтва, якія рэгулярна праводзіліся ў рэспубліцы і за яе межамі, сталі несумнеўным сведчаннем прафесійнага ўзыходжання мастацкіх калектываў і салістаў новай канцэртнай арганізацыі.

Аркестр народных інструментаў, харавая капэла, артысты сімфанічнага аркестра і ансамбля песні і танца мелі поспех у канцэртных залах Масквы, Ленінграда, Жалезнаводска; цёпла былі сустрэтыя гастрольныя выступленні ў Крыму і на Каўказе. За поспехі ў развіцці беларускага музычнага мастацтва Беларуская дзяржаўная філармонія Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 20 чэрвеня 1940 года была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Мастацкія калектывы, ансамблі і салісты філармоніі, якія атрымалі ўладкаваныя рэпетыцыйныя памяшканні, сталае месца для правядзення канцэртаў, былі поўныя творчых задумак і планаў на будучыню. Але Вялікая Айчынная вайна паставіла новыя задачы: “асноўным заняткам філармоніі бліжэйшага перыяду лічыць стварэнне канцэртнай брыгады для абслугоўвання Чырвонай арміі. Мастацкім кіраўніком прызначыць заслужанага артыста БССР М.Бергера. Ускласці на яго абавязкі канцэртмайстра”. Канцэртная брыгада беларускай філармоніі зрабілася “духоўным рэзервам арміі”. Віртуоз-піяніст ператвараўся ў віртуоза-баяніста, салісты-вакалісты, артысты-чытальнікі складалі куплеты, жанравыя сатырычныя інтэрмедыі для франтавой аўдыторыі. Л.Аляксандроўская, І.Балоцін, Р.Млодэк, А.Мікалаева, С.Дрэчын таемнымі ляснымі сцежкамі дабіраліся да лініі фронту, да партызанаў. Вайна дыктавала новыя загады, але не змагла прымусіць замаўчаць сэрца і звонкі голас вялікага народа.

Першы пасляваенны канцэртны сезон адкрыўся 21 верасня 1946. За пультам стаяла незабыўна экспрэсіўная, незвычайная, тэмпераментная Таццяна Каламійцава. З фронту, з эвакуацыі вярталіся музыканты. Хтосьці і не вярнуўся. Зноўку збіралася філарманічная бібліятэка, беражліва сабраная да вайны і страчаная падчас акупацыі. Зноўку ствараўся цымбальны аркестр: І.Жыновіч, мастацкі кіраўнік аркестра, заняўся рэканструкцыяй народных цымбалаў, жадаючы пашырыць канцэртны дыяпазон свайго аркестра, адкрыў класы цымбалаў у кансерваторыі, зрабіў нямала аранжыровак аркестравых твораў.

У наш час кожны канцэртны сезон мае сваю асаблівасць і сваё аблічча. Аднак, нязменнымі застаюцца прыярытэты: сур'ёзная музыка, асветніцкая дзейнасць, адраджэнне культурных традыцый, выкананне твораў розных стылявых напрамкаў і нацыянальных кампазітарскіх школ. Гэта заўсёды было галоўным для розных пакаленняў музыкантаў і арганізатараў канцэртнай дзейнасці - В.Дуброўскага, Я.Цікоцкага, В.Катаева, Ю.Яфімава, А.Багатырова, Г.Загародняга, Н.Шаўчука, В.Буконя, В.Ратабыльскага. Пасля таго, як у Мінску пабудавалі будынак філармоніі з залай на 930 месцаў, з'явілася магчымасць істотна павялічыць колькасць канцэртаў, пашырыць іх тэматыку.

Урачыстае адкрыццё канцэртнай залы сучаснай філармоніі адбылося ў красавіку 1963 года. Значна пазней прагучаў першы арганны канцэрт, які адкрыў новую старонку ў гісторыі арганнага выканальніцтва ў Беларусі. Дэбют Мінскага камернага аркестра, з'яўленне ансамбля старадаўняй музыкі “Кантабіле”, фальклорна-харэаграфічных ансамбляў “Харошкі” і “Купалінка” ўпрыгожылі і патрэслі культурнае асяроддзе рэспублікі. А “Мінская вясна” і “Беларуская музычная восень” - фестывалі, якія штогод узбагачаюць рэпертуарны кантэкст філарманічнаага жыцця, - сталі кульмінацыяй канцэртнага сезона краіны.

“Найноўшая” гісторыя беларускай філармоніі пазначана яе капітальнай рэканструкцыяй ў 2004 годзе. Работы праводзіліся за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Ад ранейшай філармоніі застаўся толькі падмурак будынка. Інтэр'ер філармоніі адпавядае самым сучасным стандартам і тэхналогіям. Паляпшэнне якасці гучання запатрабавала скарачэння колькасці месцаў у зале. Цяпер, замест ранейшых 930, ён разлічаны на 690 месцаў. Разам з гэтым у будынку філармоніі была адкрыта іншая, Малая зала на 190 месцаў, якая носіць імя Рыгора Шырмы.