Білетная каса:

+375 17 396-16-17

Замаўленне БІЛЕТАЎ

Год качества

Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь”

Творчая біяграфія Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь пачынаецца ў 1968 годзе, калі кіраўніком калектыву стаў кампазітар, арганіст і дырыжор Алег Янчанка. З 1969 мастацкім кіраўніком і дырыжорам быў Юрый Цырук - выпускнік Беларускай і Санкт-Пецярбургскай кансерваторый.

З поспехам праходзілі гастролі Дзяржаўнага камернага аркестра ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, ва ўсіх рэспубліках былога Савецкага Саюза. Выканальніцкае майстэрства аркестра было высока адзначана слухачамі Германіі, Францыі, Даніі, Швецыі, Іспаніі, Фінляндыі, Нарвегіі, Галандыі, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Югаславіі, Англіі. З аркестрам выступалі шматлікія вядомыя выканаўцы: С.Рыхтэр, М.Растраповіч, Ю.Башмет, В.Траццякоў, М.Плятнеў, Дз.Башкіраў, Э.Вірсаладзэ і многія іншыя.

У цяперашні час мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам аркестра з'яўляецца заслужаны артыст Расіі Яўген Бушкоў.

Яўген Бушкоў нарадзіўся ў Маскве ў сям'і скрыпачоў. Пачаўшы навучанне на скрыпцы ва ўзросце 5 гадоў, ужо ў 8 гадоў ён упершыню выступіў з сімфанічным аркестрам. У розны час яго настаўнікамі былі Л.Коган, З.Гілельс, В.Траццякоў, З.Шыхмурзаева.

У гады вучобы Я.Бушкоў стаў лаўрэатам некалькіх буйнейшых міжнародных конкурсаў: імя Г.Веняўскага ў Познані (1986, I прэмія), імя Каралевы Лізаветы ў Брусэлі (1989, III прэмія), імя П.І.Чайкоўскага ў Маскве (1990, II прэмія), Сусветным конкурсе імя Шерынга у Монтэ-Карла (1992).

У пачатку 1990-х гг. Яўген Бушкоў вёў інтэнсіўную канцэртную дзейнасць як саліст, браў удзел у фестывалях у Монтэ-Карла, Кальмары, Мадрыдзе, яго канцэрты праходзілі ў шматлікіх гарадах Расіі, Аўстрыі, Германіі, Францыі, Італіі, Шатландыі, Чэхіі, Турцыі, ЗША, Мексіцы і іншых краінах свету.

У гэтыя ж гады Я.Бушкоў ўзначаліў ансамбль салістаў «Канцэрціна», паралельна вывучаючы сімфанічнае дырыжыраванне пад кіраўніцтвам Дз.Кітаенка (у Швейцарыі), А.Брусілава і Д.Ямпольскага (у ЗША).

Дырыжорскі дэбют Я.Бушкова адбыўся ў 1999 годзе з аркестрам Міжнароднага фестывалю ў Люксоі (Францыя). З тых часоў ён дырыжыраваў такімі калектывамі, як Neue Philharmonie Westfalen, Міжнародны аркестр Metro Philharmonic, Pan Asian symphony orchestra (Ганконг), філарманічным аркестрам Ніжняга Ноўгарада, Навасібірска, Мінска, маскоўскімі камернымі аркестрамі Musica Viva і Amadeus.

У 2002 годзе па запрашэнні Юрыя Башмета, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра «Новая Расія», Яўген Бушкоў стаў дырыжорам гэтага калектыву. Пасля бліскучага дэбюту ў канцэртнай зале Маскоўскай кансерваторыі адбылося больш за 80 выступленняў аркестра ў Расіі і за мяжой. Пад кіраўніцтвам маэстра Бушкова выступалі С.Антонаў, Д.Барчэллона, Ю.Башмет, Н.Барысаглебскі, А.Вінніцкі, Э.Вірсаладзе, Д.Войт, В.Гразноў, М.Гулегіна, Н.Гутман, Б.Дуглас , Дз.Мацуеў, А.Любімаў, А.Мельнікаў, А.Рудзін, З.Саткілава, У.Фядотаў, В.Чарноў і іншыя выбітныя салісты.

Рэпертуар дырыжора вельмі разнастайны, побач з шэдэўрамі рускай і замежнай класікі – творы кампазітараў XX-XXI стст.: дзіцячыя оперы «Хлопчык, які занадта хутка рос» Дж.К.Меноцці і «Гарадок Жур-Жур» Д.Крывіцкага (запіс абедзвюх быў выпушчаны ў 2008 г. на DVD), «Рэквіем» А.Караманава, альтовыя сачыненні Б.Бартака, Г.Гарэлавай, Г.Канчэлі, П.Карманава, Ф.Ледзянева, творы А.Коплэнда, Д.Шнідэра, Т.Мухамэджанава, Н.Роты.

Афіцыйны сайт:

www.belsco.net

 

Дырэктар - Кацярына Мікалаеўна Кунцэвіч
Тэлефоны:
+375 17 284 79 00
+375 29 693 26 58

"Дзяржаўнаму камернаму аркестру Рэспублікі Беларусь — сорак пяць гадоў. Сорак пяць гадоў станаўлення, дасканаласці, узыходжання. Сорак пяць гадоў жыццёвай даўжыні, выбрукаванай эмоцыямі, пошукамі, канцэртамі, гастролямі, рэпетыцыямі, эцюдамі і бясконцымі гамамі, detache, pizzicato. Так даўжыня вымошчвае вышыню.

Пазнака саракапяцігоддзя міжволі трапляе пад арку Часу, дзе толькі і магчыма аднаімгненна быць і ў будучым і ў мінулым.
Мінулае камернага аркестра, (ведама ж!), пачалося з нараджэння. Перш за ўсё з нараджэння ідэі. Інспіраваны жыццём бурлівай Вены, яе музычнай атмасферай, незабыўнымі венскімі фестывалямі, аркестрамі, малады дырыжор і арганіст Алег Янчанка, з імпэтам агністага таленту, прыязджае ў Мінск, апантаны ідэяй ствараць новае, неабходнае і адметнае. Размова з музыкантамі, пошукі таленавітых струннікаў, гарачая і непахісная перакананасць, спрэчкі і стратэгічнае мысленне далі плён. 1968 год стаў годам стварэння Мінскага камернага аркестра. Паводле словаў віяланчэліста Алега Алоўнікава, які ўваходзіў у першы склад аркестра, да музыкі Янчанка ставіўся як да сэнсу жыцця. Такім чынам, Загадам № 99 ад 25 сакавіка 1968 года ў склад Мінскага камернага аркестра Беларускай дзяржаўнай філармоніі залічваюцца музыканты, з якіх пачалася гісторыя Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі: Ластаўка Л. Л., Лагвіненка В. А., Алоўнікаў А. Г., Рылатка У. П., Штэйн І.Р., Гурына В. П., Зяленін В.М., Прыцкер В. Я., Хадыка В. А., Янчанка А. Р.
Сёння значэнне той падзеі 1968 года набыло гістарычны кантэкст. Імя Алега Янчанкі, кампазітара, дырыжора, арганіста, упісана ў культурны кантэкст беларускага музычнага мастацтва. Ягоны першы сольны канцэрт у Мінску адбыўся ў 1963 годзе на адкрыцці ў канцэртнай зале філармоніі новага аргана. Яго музыка засталася ў беларускім кінематографе, арганныя творы — пазначаны ў фестывальных афішах арганнай музыкі. Ён — стваральнік аркестра, а ягоны нацыянальны балет "Кастусь Каліноўскі"— здабытак Будучыні. Здабытак тых, хто здолее спраўджваць Сапраўднае незавершаным Мінулым.

"Я рыхтаваў сябе зусім да іншай дзейнасці..."
У 1963 годзе малады таленавіты віяланчэліст, вучань А.Стагорскага, саліст беларускай дзяржаўнай філармоніі Юрый Цырук быў закаханы ў джаз. І каханне тое было настолькі гарачым, што прывяло да стварэння сваёй каманды, якая мусіла неўзабаве стаць джаз-бэндам. Таленавіты віяланчэліст меў сур'ёзныя намеры ўзначаліць створаны калектыў, стаць джазавым піяністам і аўтарам джазавых аранжыровак і кампазіцый. Джазавае каханне спынілася чарговым пастанаўленнем чарговага савецкага пленума аб чарговай забароне... А лёс пачаў рэжысіраваць новую лінію жыцця — ленінградскую аспірантуру і сустрэчу з М.Растраповічам.
Аблашчаны ўвагай Мсціслава Растраповіча, сагрэты і ахутаны ягоным тэмпераментам, гумарам і дасціпнасцю, Юрый Цырук існаваў у атмасферы ўзаемаразумення, а ягоны талент нарэшце знайшоў асяроддзе для самараскрыцця. Але варта было таленавітаму віяланчэлісту выйграць конкурс у аркестр Я.Мравінскага, як растраповічава катэгарычнасць прагучала забаронай: "Гэта не твая справа...". Не мог М.Растраповіч ведаць, што акрамя віяланчэльнай партыі на пульце, Юрый Цырук пільна ўглядаецца ў партытуру, якая знаходзіцца поруч. Такім чынам, атрымліваючы каштоўнейшыя майстар-класы ад дырыжора Я.Мравінскага, гадаваўся дырыжор, музыкант, якому наканавана стаць часткай музычнай гісторыі беларускага мастацтва.

...Ён з'явіўся ў восеньскім Мінску 1969 года маладым і таленавітым, усмешлівым і лёгкім, гатовым быць заўсёды з музыкай. Ён сам трохі нагадваў музыку: такое лёгкае scherzo з прыхаванай трывогай і самотным "лірычным адступленнем", вольнае rubato, якое падпарадкуецца вольнаму мастаку з фразіроўкай шырокага дыхання, мастаку, здольнаму і мысліць шырока, і вольна зазіраць за метафізічныя гарызонты...
29 лістапада 1969 года Юрый Цырук узначаліў кіраўніцтва Мінскім камерным аркестрам, а праз некалькі месяцаў, у маі 1970 года выйшаў на сцэну беларускай філармоніі з праграмай, у якой значылася 14-ая сімфонія Д.Шастаковіча — тэмпы, здзіўляючыя нават прафесіяналаў...
Кожны дырыжор гучыць сваёй, толькі яму ўласцівай, псіхалагічнай гамай, якая рэфлектуецца аркестрам і становіцца яго экзістэнцыяльным тонам. Юрый Цырук узняў аркестр на годную вышыню прафесійнай дасканаласці, адкуль пачалося знаёмства з музычнымі партытурамі сусветнай класікі і зрабілася магчымым сумесная выканальніцкая дзейнасць з самымі патрабавальнымі, самымі неаспрэчна прызнанымі музыкантамі свету — прафесійнае сяброўства з І.Архіпавай, С.Рыхтарам, З.Далуханавай, Т.Нікалаевай, Н.Гутман, Т.Грындэнка, М.Васкрасенскім, М. Плятнёвым, Э.Вірсаладзэ...
Жыццё было насычана перамогамі — значнымі і нікому не заўважнымі. Жыццё было насычана расчараваннямі — для ўсіх прыкметнымі і для сябе глыбокімі... Лёс падарыў зведаць усё – не кожнаму дасяжныя вяршыні і не кожнаму дасяжныя пакуты...

Здабыўшы ў 1982 годзе Першую прэмію на Міжнародным конкурсе імя Герберта фон Караяна, вучань Кірыла Кандрашына і Юрыя Сіманава, прыгожы і абаяльны, здольны да музычных авантур і творчай нестандартнасці дырыжор Ігар Галаўчын першы рызыкнуў зладзіць на філарманічнай сцэне Навагодні Капустнік, чым не толькі завабіў сталічную публіку 31 снежня 1984 года ў Канцэртную залу філармоніі, але змог здзівіць і тонкім гумарам, і музычнымі вынаходніцтвамі і пэўнай рызыкай.

Творчы імпэт быў ўвасоблены праз прэм'еру забаўляльнай оперы-меню пад назвай "Раймонда" Ігара Паліводы, з пазнакай — "па матывах Раймонда Паўлуса". Лейтматывам оперы служыў неаднасэнсавы "соцыюмны зварот "... Эй вы там, наверху!..". Наколькі гэта было прыцягальнае і забаўляльнае відовішча можна меркаваць па энтузіязме музыкантаў аркестра, а таксама па факту ўдзелу тагачаснага дырэктара аркестра ў прэм'ерным паказе. Архат Закіраў, не здымаючы з сябе дырэктарскага поўнамоцтва, прысутнічаў на сцэне, каб біць у літаўры. Кампазітарам з гэтай нагоды была выпісана наўмысна сольная кадэнцыя, якая складалася з... чатырох удараў!
Камічнай операй-інтэрмеца Д.Чымарозы "Дырыжор аркестра" распачынаўся той "капустнік", дзе галоўным і адзіным яе персанажам быў непаўторны Віктар Скорабагатаў, а за чэмбала сядзеў дырыжор Ігар Галаўчын.
Поспех навагодняга капустніка паўтарыўся. На наступны 1985 год. З недвухсэнсоўнай назвай: "Хірургіева ноч" зноў з паўнюткай "да столі" залай, зноў пад самы Новы год —31 снежня.

"Гэты быў вельмі цікавы перыяд майго жыцця..." Скрыпач аркестра Я.Мравінскага, Аляксандр Палянічка, зусім не марыў стаць дырыжорам. Проста хацеў іграць сола і... — арганізаваў свой аркестр. Адчуўшы смак дырыгавання, паступіў у даволі "сур'ёзным" узросце вучыцца да І. Мусіна. А неўзабаве — першы поспех — перамога на Усесаюзным конкурсе дырыжораў, дзе першай прэміяй раней былі ўзнагароджаны толькі тры дырыжоры: Мравінскі, Цемірканаў і Лазараў. Гэта перамога супадае з прыходам Аляксандра Палянічкі ў Мінскі камерны аркестр.

"... У Мінску я лічыўся добрым дырыжорам. Я працаваў за дзесяцёх: я пачуваў сябе мамай і татам для аркестра, я рэпетыраваў, арганізоўваў гастролі, бегаў і "выбіваў" халадзільнікі, кватэры, званні... Нават новы статус аркестру — Дзяржаўны камерны аркестр БССР — здабыць прыйшлося мне..."
Але арганізатарская мітусня, жыццё ў інтэрнаце "на БелінскАгО" забірала творчыя сілы, а ў пераездах Ленінград-Мінск, Мінск-Ленінград на працягу трох гадоў знікала ўся беларуская зарплата...
Што ж заставалася? І што засталося? "Як дырыжор, я ведаю, што памяць аб здзяйсненнях дае чалавеку веру ў сябе. Пакуль я не агучваў свае праблемы, яны нібыта не існавалі... Тым не менш, я пайшоў з аркестра. Але я шалёна любіў усіх музыкантаў, якія з такой самаадданасцю шмат гадоў працавалі са мной. Дзеля іх я быў гатовы рушыць ледзь не ў вар'яцкія завірухі, якія, тым не менш, прыцягвалі поспех і спрыялі справе... І нас запрасілі на гастролі ў Германію... Дзіўная рэч! Аркестр мог паехаць без мяне: на той час я пайшоў з аркестра. Але музыканты не хавалі жадання граць са мной і мы паехалі разам... Мы атрымалі непараўнальнае ні з чым задавальненне. Прэса была шчодрая на ўвагу і водгукі... Тыя рэцэнзіі і сёння ніякавата чытаць, настолькі яны ўзнёслыя. Сапраўды, гэты быў вельмі цікавы перыяд майго жыцця."

Ёсць у гісторыі аркестра невялікі, але агністы перыяд жыцця. 1990-1992 гг.— час, калі музычнае жыццё краіны стваралі не дзяржаўныя заканадаўцы-рэгламентатары, а маладыя дапытлівыя галовы з гарачымі сэрцамі і тэмпераментам, натхнёныя ідэямі беларускага Адраджэння.
Віктар Собалеў — закончыў Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю па спецыяльнасці оперна-сімфанічнае дырыгавання (клас І.Мусіна і У.Чарнушэнкі), адзін з нямногіх дырыжораў, які валодае таямніцамі дырыжорскага майстэрства-рамяства, чыё дырыжорскае майстэрства параўноўвалі з валоданнем еўрапейскімі мовамі (не толькі тэкст, кантэкст быў падуладны яму (гучала кожная фраза, "гучала" інтанацыя, "гучалі" сэнс і кантэкст), — дзень 23 кастрычніка 1991 года зрабіўся гістарычным днём беларускай культуры.

Сенсацыяй для беларускай культуры стала выкананне адроджаных твораў беларускай музычнай спадчыны. Упершыню ў Мінску ў межах фестывалю "Адраджэнне беларускай капэлы" на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі прагучалі творы, выкананне якіх падцвердзілі новае гістарычнае пераасэнсаванне беларускай музычнай спадчыны. Пачаўся новы адлік інакшага стаўлення да гісторыі беларускай музыкі ў размаітым, стракатым, неаднародным і рознаважкім асяроддзі тагачасных прафесіяналаў-музыкантаў. Гэта стала здабыткам і гонарам дзяржаўнага інтарэсу.
Аўтарытэт і энергія Віктара Скорабагатава спрыялі таму, што ў выкананні Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віктара Собалева ўпершыню прагучалі Тры паланэзы для аркестра Мацея Радзівіла (1749-1800). Упершыню за апошнія 300 год фрагменты партытуры оперы "Агатка, або прыезд Пана" І.Д.Голанда (1746-1825) сталі здабыткам грамадства. Да таго ж менавіта гэтым днём і гэтай падзеяй адзначыўся пачатак 21-гадовага існавання "Беларускай капэлы".
Праз сем дзён — яшчэ адна сенсацыя. "Апалон-заканадаўца, або Парнас рэфармаваны" – школьная драма-опера, упершыню выкананая ў 1789 годзе вучнямі забельскай дамініканскай калегіі і напісаная Міхалам Цяцерскім і кампазітарам Рафаэлем Вардоцкім, вярнулася на беларускую сцэну, а значыць, і ў беларускі кантэкст (у кампазітарскай версіі Д.Смольскага), у беларускую свядомасць і стала ў шэраг беларускіх эстэтычных і мастацкіх каштоўнасцяў.
Феномен гэтага часу, пазначанага ўздымам не толькі музычнага мастацтва не адразу раскрыецца і знойдзе разважлівага і пільнага даследчыка, бо вялікае, як вядома, можна разгледзець толькі здаля.
На філарманічнай сцэне опера — надзвычайная рэдкасць. Гэта ведае кожны, хто да яе (і да сцэны, і да оперы) мае дачыненне. Моцартаўскія оперы — заўсёды сенсацыя. Падзея. На любой сцэне. Без высокаякаснага аркестра, спевакоў і дырыжора няма і оперы Моцарта.
Віктар Собалеў мог бы ўвайсці ў гісторыю аркестра дзякуючы толькі аднаму здзяйсненню: канцэртнаму выкананню оперы Моцарта "Выкраданне з Сералю". Як цяжка паставіць оперу на сцэне зведаў сам Моцарт, калі сцэнічнаму ўвасабленню "Выкрадання..." перашкаджалі так, што ён вымушаны быў прызнацца: напісаць яе было значна лягчэй, чым паставіць на сцэне.
Вопыт увасаблення оперных твораў на беларускай філарманічнай сцэне таксама сведчыць пра тое, што гэта мажліва толькі на мяжы немагчымасці. Такую магчымую немагчымасць можна параўнаць хіба што толькі з вядомым выказваннем А.Эйнштэйна: "Усе перакананы, што гэта немагчыма. Але прыходзіць нехта, хто пра гэта не ведае і — адкрывае новы закон сусвету". Віктар Собалеў паверыў і — опера загучала.
23 красавіка 1991года на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі яна прагучала — самая абаяльная опера 26-гадовага Моцарта, першая моцартаўская опера на нямецкай мове — "Выкраданне з Сералю". Прагучала музыка, якая патрабуе звыштонкай інтэрпрэтацыі, дзе прыгажосць, лагічнасць і экспрэсія злучаюцца простай драматургічнай канвой. І тое, што на слых здаецца празаічным і лёгкім, пры мінімальным адхіленні ператвараецца ў бязлітаснае скажэнне дасканаласці.

Гісторыя аркестра не абыйшлася без знакавых супадзенняў і сваеасаблівай логікі непазбежнасці. У далёкім 1968 годзе, калі на сцэне Белдзяржфілармоніі гучала першая праграма першага канцэрта нядаўна арганізаванага камернага аркестра, у глядзельнай зале сядзеў малады нікому не вядомы музыкант, які прыехаў з Германіі з адзінай мэтай трапіць на гэты канцэрт. Алег Янчанка, надаючы належную вартасць і значнасць дэбюту новастворанага камернага аркестра, асабіста запрасіў маладога таленавітага музыканта. Ім быў зусім малады будучы дырыжор Інга Эрнст Райль. З гэтага моманту пачалося неверагоднае захапленне Інга і аркестрам, і беларускай філарманічнай сцэнай, і краінай Беларусь, якую Інга лічыць другой радзімай. Такім чынам можна лічыць, з 1968 года пачалася гісторыя не толькі новага прафесійнага аркестра Беларусі, але і асабістая гісторыя Інга Эрнста Райля, які з самага першага знаёмства трывала звязаў сваё жыццё з Дзяржаўным камерным аркестрам Рэспублікі Беларусь.
Інга Эрнст Райль (Германія) — дырыжор і дырэктар аркестра і хора Універсітэта горада Вітэна існуе ў рэжыме: кожнаму святу Раства — новая араторыя, кожнаму лету — новае музычнае свята. Апантаны музыкай, новымі музычнымі ідэямі, ён здзяйсняе свае экстрым-праекты лёгка і імпэтна, як у 15-гадовым узросце, калі ствараў свой першы аркестр. Тады ён здзівіў навакольнае музычнае асяроддзе, а сам Вітэн пераўтварыў у горад-сенсацыю. З тае пары пад аркестры, створаныя Інгам, будуюцца залы, дзе экспертам па акустыцы з'яўляецца сам дырыжор. І для таго, каб выканаць у пастановачнай версіі з харэаграфіяй, пластыкай, дынамічнымі перасовачнымі платформамі, спецэфектамі, хорам і аркестрам "Карміну Бурану Карла Орфа" і "Оперу грамадзянскай вайны" Філіпа Гласа дырыжор гатовы стварыць і новую канцэртную залу, і акустыку, і, прынамсі ўсё, што адпавядае самым высокім музычным стандартам.
З беларускай публікай Інга Эрнст Райль знаёмы добра: "Гледачы там любяць канцэрты! Беларуская публіка адкрыта ухваляе новыя музычныя праграмы, цэніць і любіць сучасную класічную музыку. Яны адкрыты для эксперыментаў..." Супрацоўніцтва з Дзяржаўным камерным аркестрам Беларусі — асабістая прафесійная гісторыя дырыжора, сумесны плённы і радасны шлях.
Музычнае жыццё Беларусі ў 1992 годзе азначылася плённым супрацоўніцтвам Дзяржаўнага камернага аркестра з запрошаным дырыжорам з Германіі. Інга Эрнст Райль, вядомы сваімі талентамі, шматлікімі дасягненнямі і прызнаннем, праз год набывае статус мастацкага кіраўніка калектыва і на працягу наступных чатырох гадоў натхнёна стварае новыя праграмы на беларускай сцэне. У музычныя падзеі ператвараліся выкананне Missa Cellensis Ёзэфа Гайдна, ягонай Missa brevis St. Ioannisde Deo "Kleine Orgel-messe", Канцэртнай сімфоніі для струнных, арфы, фагота і фартэпіяна Д.Бартнянскага, шматлікія канцэрты з твораў сусветнай класікі, паездкі па Беларусі, гастролі за мяжой.

Пётр Вандзілоўскі — выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат рэспубліканскіх конкурсаў; сваю творчую біяграфію звязаў з беларускімі аркестровымі калектывамі. У свойчас сумяшчаў работу з Дзяржаўным камерным аркестрам Рэспублікі Беларусь , Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь, сімфанічным аркестрам "Маладая Беларусь". З беларускімі калектывамі гастраляваў па Германіі, Расіі, Іспаніі, Італіі, Турцыі, Галандыі. Пётр Вандзілоўскі з'яўляўся галоўным дырыжорам і мастацкім кіраўніком Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь з 2004 па 2009 год.

З 2009 года Яўген Бушкоў — мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі. Інтэрпрэтацыяй класічных шэдэўраў выклікаў захапленне беларускай публікі.

Па запрашэнні галоўнага дырыжора аркестра на сцэне Белдзяржфілармоніі выступалі Паўль Бадура-Шкода (Аўстрыя), Дзяніс Кажухін, Фрыдрых Ліпс, Веніямін Смехаў (Расія), Абрам Безайен (Нарвегія), Ала Аблабердыева (Англія), Элісо Вірсаладзэ (Расія-Германія).
Упершыню ў Беларусі прагучалі творы індыйскага кампазітара Хідайята І. Хана, Бенджаміна Брытэна, апрацоўкі для камернага аркестра квартэтаў Ёзэфа Мыслівечыка, Луіджы Керубіні, Ёганэса Брамса.
Пільнай увагай да сучаснай музыкі і паважным да яе стаўленнем Яўген Бушкоў нібы здымае прадузятасць агульнага меркавання, нібыта музычныя творы абавязкова павінны мець выпрабаванне часам і толькі пасля такога выпрабавання мае шанец стаць здабыткам слухача, быць зразумелымі і даступнымі. Дзякуючы крэатыўнай пазіцыі дырыжора Яўгена Бушкова на сцэне Белдзяржфілармоніі ажыццявіліся сусветныя прэм'еры твораў такіх кампазітараў як Эрык Фрайтаг, Сяргей Картэс, Ларыса Сімаковіч, Галіна Гарэлава, Яфрэм Падгайц. Бліжэйшая сусветная прэм'ера — падчас Міжнароднага гала-канцэрта 28.02.2013г. — "Беларускі Канцэрт" М.Бронэра для цымбалаў і струннага аркестра — твор, пазначаны не толькі прысвячэннем аркестру і яго кіраўніку, але і напісаны выключна з нагоды святкавання 45-годдзя калектыва.

Саракапяцігоддзе калектыва пазначылася новымі праектамі. Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь гатовы спраўджваць новыя доўгатэрміновыя праекты, з якіх пачнецца адлік наступнага творчага перыяду. Сакавік стане пачаткам канцэртнага тура па маленькіх гарадах Беларусі, які носіць назву "Музычныя Сады краіны Беларусь". Галоўная ідэя тура — закласці "Музычныя Сады" па ўсёй Беларусі, зрабіць музычную класіку зразумелай і блізкай, даступнай і неабходнай там, дзе жывое гучанне класічнай музыкі — рэдкасць з прычыны аб'ектыўнай аддаленасці аматараў музыкі ад насычанага музычнага жыцця сталіцы.

Сваё 45-гадовае існаванне Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь адзначае заснаваннем новага музычнага Міжнароднага фестывалю камерных аркестраў "Жнівень Нясвіжа". Гэта сваеасаблівы, па-сутнасці, першы на Беларусі фестываль-парад прафесійных камерных аркестраў. Сабраць і паказаць самае лепшае, самае адметнае ў музыцы і выканаўчым мастацтве — адметнасць фестывалю, як і выкананне кожным аркестрам нацыянальнага твору кампазітара сваёй краіны. Гістарычны горад Нясвіж, яго сады і паркі, алеі і палацы ў апошні тыдзень жніўня напоўняцца гукамі новага Міжнароднага класічнага фестывалю. Пяць, насычаных музыкай, дзён фестывальнага жыцця аб'яднаюць Нясвіж, жнівень і лепшыя камерныя аркестры Еўропы.
Новыя далягляды, праекты, ідэі — самае спрыяльнае асяроддзе для стваральнага духу, самы лепшы спосаб існавання артыстычнага тэмпераменту і мастацкага інтэлекту, самыя лепшыя ўмовы рэалізацыі разнастайнай музычна-творчай дзейнасці."

Ларыса Сімаковіч

 

С.Рыхтар: "Я іграю толькі з добрымі музыкантамі, з кім мне цікава... І з Мінскім камерным іграю таму, што мне падабаецца гэты калектыў..."


М.Васкрасенскі: "...Цудоўна граеце, сябры! Гэта грандыёзная ідэя выканання ўсіх канцэртаў Моцарта ўпершыню ў СССР надае надзвычайную радасць злучэння з вялікай музыкай, шчасце, якое не выкажаш словамі..."


У.Вайс: "Мінскі камерны аркестр стаў аднім з буйнейшых камерных аркестраў краіны. У яго складзе ёсць цудоўныя музыканты, салісты, адданыя сваёй справе."


Саўлюс Сандэцкіс: "Дырыжыраваць Мінскім камерным аркестрам – вялікая асалода. Вельмі гнуткі, вельмі мабільны калектыў..."