XLIII Міжнародны фестываль мастацтваў “Беларуская музычная восень” запрашае аматараў высокага мастацтва на канцэрты, якія адбудуцца ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі з 3 па 30 лістапада 2017 года. Традыцыйна фестываль увабраў найлепшае з мiравой музычнай скарбнiцы, творы i iмёны, прызваныя адчынiць дзеля шырокага кола слухачоў таямнiцы розных жанраў i стыляў сучаснай беларускай i замежнай музыкi.
У гэтым сезоне праграма фестывалю аб’ядноўвае канцэрты музыкантаў з усяго свету. “Беларуская музычная восень” пачнецца з канцэрта маладзёжнага Беларуска-расійскага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Андрэя Іванова (03.11).
Падчас канцэрта пад назвай “Saudade”, што ў перакладзе значыць “Жаданне”, выступіць гітарны дуэт Анабэль Мантэсінас и Марка Тамайя. Анабэль нарадзілася ў Іспаніі, Марка – на Кубе, а зараз жывуць у Аўстрыі. Як дуэт яны дэбютавалі ў сезоне 2003-2004 і скора сталі лаўрэатамі Конкурса гітарных дуэтаў у Іспаніі. Газета The Washington Post пісала пра іх “гэта выдатны дуэт, які абавязкова трэба пачуць”. Таксама ў канцэрце прымае ўдзел беларускі гітарыст, лаўрэат міжнародных конкурсаў Павел Кухта (04.11).
Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава прадставіць канцэртную версію оперы Дж. Вердзі “Атэла”. Як і ў іншых оперных пастаноўках аркестра, у “Атэле” на сцэне з’явяцца выдатныя вакалісты з розных краін: П’еро Джульячы ў ролі Атэла (Італія), Ірына Крыкунова ў ролі Дэздэмоны (Расія), Даменіка Бальцані выканае партыю Яго (Італія), Іван Міхайлаў – партыю Касіа (Расія), а таксама беларускія спевакі Дзмітрый Капілаў у ролі Людавіка, Аляксандр Міхнюк – Радрыга, Крыскенція Стасенка – Эмілія. (05.11). Сцэнічную партытуру распрацаваў італьянскі рэжысёр Карла Антоніа дэ Лючыя.
Міжнародны праект, прымеркаваны да Нацыянальнага Дня Румыніі, адбудзецца 21 лістапада. Выступяць румынскія музыканты – скрыпач Рэмус Азаіцэй і піяніст Эдуард Стан.
Канцэрт “Майстры і віртуозы”, прымеркаваны да святкавання 100-годдзя Незалежнасці Польшчы, адбудзецца 16 лістапада ў Вялікай зале філармоніі. Музыку Тансмана, Манюшка і Шастаковіча выканае Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, дырыжор – Павел Котла (Польшча, Велікабрытанія).
Канцэрт "Tuba mirum" з цыкла, прысвечанага 500-годдзю беларускай Бібліі і кнігадрукавання і 500-годдзю еўрапейскай Рэфармацыі адбудзецца ў Вялікай залі 8 лістапада. Выступяць канцэртны аркестр “Няміга” і Minsk Trombone Quartet.
Музыка сучасных беларускіх кампазітараў прагучыць 8 лістапада падчас канцэрта “Трамантана”, які з поспехам адбываецца ўжо трэці год. Адбудуцца творчы вечар кампазітара Яўгена Паплаўскага (18.11), юбілейны канцэрт кампазітара Сяргея Бельцюкова (23.11).
Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І.Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца збярэ лепшых музыкантаў - лаўрэатаў міжнародных конкурсаў - падчас канцэрта “Сузор’е талентаў” (19.11).
Праграму “А за сінім небам” 7 лістапада прадставяць вакальны ансамбль “Камерата” і этна-трыа “Троіца”. Удзельнік тэлевізійнага шоу, лаўрэат міжнародных конкурсаў “Голас” Ігар Манашыраў выканае папулярныя оперныя арыі, рамансы, неапалітанскія песні і эстрадныя сусветныя хіты (26.11).
“Музычная гасцёўня” працягвае цыкл суботне-паэтычных канцэртаў. Акцёр і рэжысёр Беларускага радыё Алег Вінярскі прачытае творы У.Маякоўскага, Б.Пастэрнака, Д.Самойлава, Я.Еўтушэнка, І.Бродскага (11.11). Мастацкі кіраўнік “Музычнай гасцёўні” піяністка Таццяна Старчанка 18 лістапада ў Вялікай зале выканае творы Г.Свірыдава разам з салістамі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.
Выдатная беларуская оперная вакалістка, якая ўпершыню ў гісторыі нашай краіны стала пераможцай прэстыжнага вакальнага конкурса BBC Singer of the World у Кардыфе Надзея Кучар, выступіць у Вялікай зале разам з сімфанічным аркестрам Белтэлерадыёкампаніі (15.11). У Мінску Надзея прадставіць публіцы праграму “Salut a la France”, у склад якой увайшлі вядомыя і любімыя творы Ж. Бізэ, Г. Шарппанцье, Ш. Гуно, Л. Дэліба, Ж. Маснэ.
Першы канцэрт Абанемента Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Яўгена Бушкова “Тры вечары з камерным аркестрам” адбудзецца 30 лістапада. Прагучаць 24 капрысы для скрыпкі з аркестрам Н. Паганіні. Саліст – заслужаны артыст Расіі скрыпач Граф Муржа.
Уладальнік двух Грэмі і сарака плацінавых альбомаў, саксафаніст, кампазітар, аранжыроўшчык, саліст шматлікіх аркестраў Марк Грос выступіць у Вялікай зале 17 лістапада. Ён грае ў дыяпазоне ад свінга і бопа да джаз-рока і мяккага джаза, пераходзячы часам у поле рытм-энд-блюза. Разам з Маркам Гросам на сцэну Белдзяржфілармоніі выйдуць басіст Арк Аўруцкі, піяніст Беніта Гансалес, барабаншчык Алекс Машын.
Добрай традыцыяй стала выступленне падчас “Беларускай музычнай восені” вядомяга арганіста з Германіі Іаганэса Геферта. У праграме – творы Н.Брунса, Ф.Ліста, І.С.Баха, Э.Элгара.
Ужо шмат гадоў Міжнародны фестываль мастацтваў “Беларуская музычная восень” збірае лепшых салiстаў. Творы Бетховена і Шапэна 10 лістапада ў Малой зале выканае народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў. Канцэрт камернай музыкі “Луннае святло” 14 лістапада прадставяць салісты Аляксей Юрынок (флейта), Аляксандра Зебрына (альт), Кацярына Жураўлёва (арфа). Салістка ансамбля “Класік-Авангард” Святлана Кудзіна выканае творы замежных і рускіх кампазітараў падчас канцэрта “Piano solo”. Ансамбль салістаў Белдзяржфілармоніі пад кіраўніцтвам Ігара Іванова, у склад якога уваходзяць выканаўцы на домры, баяне, бас-гітары, балалайцы, прадставіць праграму пад назвай “Восеньскі марафон” (29.11).
Не толькі музычнае, але і танцавальнае мастацтва прадстаўлена ў палітры “Беларускай музычнай восені”. Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца пад кіраўніцтвам Валянціна Дудкевіча разам з Дзяржаўным вакальна-харэаграфічны ансамблем “Русь” (г. Уладзімір) рыхтуе вялікі яркі канцэрт “Карагод сяброў” (14.11). Сумесны канцэрт Заслужанага калектыва Рэспублікі Беларусь фальклорнага гурта “Купалінка” і Заслужанага аматарскага калектыва ансамбля танца Белдзяржуніверсітэта “Крыжачок” адбудзецца 25 лістапада.
Мастацкае слова прадстаўлена паэтычным монаспектаклем “Красёнцы жыцця” у выкананні беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра “Зніч” (15.11). Пастаноўка прымеркавана да 135-годдзя з дня нараджэння Я.Коласа. РРР
XLIII Міжнародны фестываль мастацтваў “Беларуская музычная восень” мае багатую стылёвую і жанравую палітру. У праграме – iнструментальная камерная i сімфанічная музыка, фольк, джаз, мастацкае слова i народныя танцы.