Застацца без музыкі? Хіба гэта магчыма? Мастацкі савет Беларускай дзяржаўнай філармоніі на чале з Юрыем Гільдзюком прыняў рашэнне правесці чарговы фестываль мастацтваў “Беларуская музычная восень” (11–28 лістапада). 46-ы па ліку, не такі грандыёзны як звычайна (у сілу вядомых прычын) фестываль аб'яднае лепшыя сілы беларускай музычнай культуры. Ён прысвечаны чатыром юбілеям.
250 гадоў з дня народзінаў Л. ван Бетховена
“Бетховен – лякарства ад роспачы” – кампазітар Вольга Раева
Адна з самых чаканых падзей у сусветным культурным жыцці – 250-годдзе з дня нараджэння вялікага нямецкага кампазітара Людвіга ван Бетховена – вырашана было перанесці на наступны год з-за эпідэміі каранавіруса. Маштабным святкаванням памяшаў неадольны рок, што пераследваў, дарэчы, усё жыццё і самага кампазітара. Толькі на радзіме Бетховена, у Германіі, было скасавана амаль 300 імпрэз, у тым ліку запланаваны на верасень гэтага года грандыёзны канцэрт бонскага сімфанічнага Бетховенскага аркестра і яго венскіх калегаў, якія павінны былі сінхронна выканаць галоўныя творы кампазітара. І ўсё ж Бетховен адолеў “карону”. Нямецкі фонд, што кіруе ўрачыстасцямі, прыняў рашэнне падоўжыць юбілейны год да восені 2021-га.
А пакуль у Еўропе свавольны Бетховен з канцэртных падмосткаў перамясціўся ў народ – на балконы і ў плэйлісты мабільных прылажэнняў, адкуль кідае выклік акалічнасцям, таксама як і пры жыцці (і гэта вельмі сімвалічна, бо Бетховен заўсёды дэманстраваў нязломную волю і аптымізм) – Беларуская дзяржаўная філармонія прысвячае творчасці нямецкага генія КАНЦЭРТ-АДКРЫЦЦЁ фестывалю “Беларуская музычная восень”. 11 лістапада вядучы калектыў краіны – Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава выканае 7-ую сімфонію і 5-ы фартэпіянны канцэрт. У якасці саліста выступіць знакаміты беларускі піяніст Андрэй Сікорскі, які застаўся (пасля водпуску) ў Беларусі па віне тых жа абставінаў.
Камерная музыка Бетховена будзе гучаць у Малой зале філармоніі 24 лістапада ў выкананні Вадзіма Мазо (скрыпка, альт; Беларусь – ЗША) і заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Юрыя Гільдзюка (фартэпіяна). Скрыпічная саната №5 Бетховена і дзве санаты Д.Шастаковіча аб'яднаны ў адной канцэртнай праграме невыпадкова. Д.Шастаковіч пісаў: “Пуцяводнай зоркай музыкі для мяне заўсёды быў і будзе Бетховен”. Вяршынямі сусветнага камерна-інструментальнага мастацтва прызнана творчасць абодвух кампазітараў.
335 гадоў з дня нараджэння І.С.Баха
“Ніхто не прыраўнаецца да Баха ў яго інстынктыўным разуменні прыроды чалавека, з яго рытарычнымі навыкамі і прыроджаным талентам драматурга. Варожасць, сяброўства, роспач, радасць – музыка Баха ўбірае “ўсёахопнасць усяго”. Нават Шэкспіру такое не па сілах” – дырыжор і музыказнаўца Джон Эліат Гардынер.
Цэнтрам бахаўскіх думак, выяў, знакаў стала арганная творчасць, бо гэты інструмент быў любімым для кампазітара, нязменным спадарожнікам яго жыцця. Менавіта музыкай Баха ўпершыню ў гэтым сезоне “заспявае” арган Беларускай дзяржаўнай філармоніі 24 лістапада. У выкананні вядучых айчынных арганістаў – народнага артыста Беларусі Ігара Алоўнікава, Вольгі Падгайскай, Калінікі Мядзведзевай, Лізаветы Марозавай – прагучаць не толькі шэдэўры самага кампазітара, але і творы, яму прысвечаныя (Ш.-М.Відор, Ф.Ліст, прэм'ера твора В.Падгайскай).
Інструментальная музыка Баха прагучыць у канцэрце ансамбля “Камерныя салісты Мінска” (мастацкі кіраўнік – Дзмітрый Зубаў) 14 лістапада ў Малой зале. Праграма пад назвай “Чароўны свет барока” увабрала ў сябе выдатныя ўзоры адной з самых цікавых эпох у гісторыі сусветнай культуры – творы А.Карэлі, А.Вівальдзі, Г.Ф.Тэлемана.
180 гадоў з дня нараджэння П.Чайкоўскага
“Немагчыма сабе ўявіць сучасны свет без музыкі Чайкоўскага” – кампазітар Кара Караеў.
Рамансы П.Чайкоўскага – дзённік душэўных перажыванняў. Яго старонкі напоўнены надзеяй на шчасце і, у той жа час, расчараваннем, імкненнем да выдатнага і – адчуваннем прыгнятальнай штодзённасці. Кожны раманс – гісторыя, у якой мы неадменна чуем нешта сваё: нездарма Чайкоўскага называюць “геніем эмоцый”. Мая Плісецкая казала: “…Дзівосная музыка Чайкоўскага, у якой чуеш усё, абсалютна ўсё! І супакой, і насцярогу, і трапятанне хвалявання, і гора, і роспач, і каханне, і надзею, і злое захапленне…”. Лірычныя гісторыі ў бліскучай трактоўцы вядучых беларускіх салістаў – народнага артыста Уладзіміра Пятрова, Наталлі Акінінай, Ільі Сільчукова, Таццяна Траццяк, Марыі Галкінай, Аляксандра Міхнюка – прагучаць у канцэрце “Музычнай гасцінай” Таццяны Старчанка 26 лістапада.
210-гадоў з дня народзінаў Ф.Шапэна
“Гэта рэдкая зорка ў позні начны час” – Роберт Шуман.
Юбілею Фрыдэрыка Шапэна прысвячае свой канцэрт 28 лістапада заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны камерны аркестр пад кіраваннем Яўгена Бушкова. Вядома, што быўшы геніем фартэпіяна, Шапэн неахвотна пісаў музыку для аркестра. У Вялікай зале філармоніі прагучыць Першы фартэппіянны канцэрт, створаны кампазітарам у юнацкасці. Гэты твор – сапраўдная пярліна, хоць часам музыканты яго незаслужана ігнаруюць, лічачы, што абодва канцэрты Шапэна саступаюць вялікім творам Моцарта і Бетховена. Аднак іх найважная асаблівасць – дзівосна віртуозная партыя фартэпіяна, якая літаральна агаломшвае слухачоў. У якасці саліста ў канцэрце выступіць беларускі піяніст Уладзіслаў Хандогі (“уражальны талент” і “выдатная асоба” па словах Дзяніса Мацуева), які летась стаў пераможцам Міжнароднага конкурсу маладых піяністаў Grand Piano Competition.
Не толькі юбілейныя канцэрты ўвайшлі ў афішу фестывалю. Цікавую праграму прапануе Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр 19 лістапада (дырыжор – Юрый Караваеў). У яе аснове ляжыць ідэя зрабіць асаблівы падарунак любімай публіцы, такой рознай – і знатакам, і тым, хто толькі пачынае далучацца да свету акадэмічнай музыкі. У канцэрце прагучаць папулярныя творы розных жанраў І.Дунаеўскага, А.Хачатурана, А.Пятрова, Г.Свірыдава, Д.Шастаковича, вядомая тэатральная і кінамузыка (“Маскарад”, “Вайна і мір”, “Цырк”, “Час, наперад!”).
Класіка (В.А.Моцарт, Ё.Гайдн) і неакласіка (І.Стравінскі) будзе прадстаўлена ў іншым канцэрце аркестра – “Узнёслае і зямное” 26 лістапада ў Малой зале. Маэстра Аляксандр Анісімаў запрасіў для ўдзелу ў якасці салістаў і масцітага музыканта – заслужаную артыстку Рэспублікі Беларусь Ірыну Шуміліну (фартэпіяна) і малады талент – Вольгу Сідарук (скрыпка). У праграме – уверцюра “Незаселены востраў” Гайдна, 21-ы фартэпіянны і 3-і скрыпічны канцэрты Моцарта, а таксама Канцэрт “Думбартан-Окс” Стравінскага.
Для аматараў музычна-паэтычных вечароў “Музычная гасціная” Таццяны Старчанка прапануе сустрэчу з адным з выдатных актораў Беларускага радыё Алегам Вінярскім. 19 лістапада са сцэны Малой залы будзе гучаць паэзія Срэбнага стагоддзя (А.Блок, В.Мандэльштам, І.Севяранін, С.Ясенін, Д.Хармс, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч).
Іна Карпук, Таццяна Смірнова