19 кастрычніка ў камернай атмасферы Малой канцэртнай залы імя Р.Шырмы Белдзяржфілармоніі адбудзецца канцэрт ансамбля салістаў Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь.
Галоўны дырыжор аркестра — народны артыст Беларусі Aляксандр Анісімаў — назваў канцэрт “Узнёслае і зямное”, уключыўшы ў праграму канцэрта творы, якія рэдка выконваюцца, а таксама шэдэўры класічнай музыкі, якія будуць упершыню гучаць у Мінску:
– В.А.Моцарт. Сімфонія №25 соль мінор, KV 183
– І.Стравінскі. Рэгтайм для адзінаццаці інструментаў
Меса для хору і дзесяці салістаў
– Ф.Шуберт. Інтрадукцыя і балетная музыка да п’есы “Разамунда”, ор.26
Вольфанг Амадэй Моцарт (1756–1791) — аўстрыйскі кампазітар і музыкант-віртуоз, адзін з самых папулярных класічных кампазітараў. Моцарт валодаў фенаменальным музычным слыхам, памяццю і здольнасцю да імправізацыі. Самы малады акадэмік Балонскай філарманічнай акадэміі з 1770 года, а таксама самы малады кавалер ордэна Залатая шпора (1770)
Да жанра сімфоніі кампазітар звярнуўся, калі быў яшчэ юнаком. Сімфонію №25 — сапраўдны шэдэўр, напісаў у 17 гадоў, адразу, пасля вяртання з гастрольнай паездкі ў Італію. Фрагмент менавіта гэтай сімфоніі гучыць напачатку фільма Мілаша Формана “Амадэй”.
П’еса “Разамунда” Г. фон Шэзі праіснавала нядоўга, а вось музыка Франца Шуберта — уверцюра, антракты, балетныя эпізоды, раманс і хоры — вось ужо больш за 150 гадоў выконваюцца як самастойныя канцэртныя творы. “Яе мелодыі — водгалас народных песень і танцаў — змяшчаюць у сябе ўсё лепшае, што створана найвыдатнейшым кампазітарам свету — народам. Створанае народам, прайшоўшы праз прызму генія, вярнулася да народа. І стала яшчэ прыгажэй”.
Ігар Стравінскі (1882–1971) — кампазітар, дырыжор, піяніст, музычны пісьменнік, лібрэтыст… Легендарная фігура ў музыцы ХХ стагоддзя.
Яго бліскучае майстэрства дазволіла яму агораць амаль ўсе формы, віды і жанры музычнага мастацтва, усе стылі і накірункі. “Ён быў аднім з тых тытанаў, якія пакінулі свой творчы след на цэлай эпосе”, — пісаў пра Стравінскага Джордж Баланчын.
У гонар Стравінскага названа плошча ў цэнтры Парыжа, упрыгожаная мноствам авангардовых скульптур.
Напачатку ХХ стагоддзя ў музыцы, як і ў іншых відах мастацтва, адбыліся кардынальныя перамены. Музыка ўжо не была абавязана здавацца прыгожай ў звычным разуменні і адчуванні. Кампазітары сталі інтэнсіўна пракладаць новыя шляхі ў мастацтве, шукаць новыя заканамернасці сувязей паміж музычнымі гукамі. І Стравінскі, апынуўшыся ў эпіцэнтры сучаснага мастацтва, браў самы актыўны ўдзел у гэтых пошуках. Такім выглядае яго Рэгтайм для адзінаццаці інструментаў (1918), створаны ў перыяд захаплення джазам.
Сваю Месу для змешанага хора і ансамбля духавых інструментаў кампазітар стварыў у перыяд з 1944 па 1948 год. Гэта 19-хвілінная кампазіцыя мае строгі, неакласічны анты-рамантычны характар. Пра тое, як нарадзілася ідэя стварыць яе, сам аўтар пісаў: “Мая Меса была часткова справакавана некаторымі месамі Моцарта, ноты якіх я знайшоў у старэнькай краме ў Лос-Анжэлесе ў 1942 ці 1943 годзе. Калі я граў гэтыя ракако-оперныя ўрыўкі, я ведаў, што павінен напісаць уласную месу”.
У канцэрце бярэ ўдзел Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь. Мастацкі кіраўнік — Наталля Міхайлава.
Інфармацыя перададзена рэдактарскім аддзелам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра РБ.