Да 75-годдзя Вялікай Перамогі!
Песенны цыкл Уладзіміра Мулявіна "Праз усю вайну"
5 мая на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца грандыёзная падзея — прем’ера адноўленага песеннага спектакля Уладзіміра Мулявіна «Праз усю вайну». Гэта новы праект Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча на чале з народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхаілам Казінцом. Прем’ера стане музычным прынашэннем да святкавання Вялікай Перамогі, а адначасова — данінай памяці Уладзіміру Мулявіну. Праграмму «Праз усю вайну» гэты выдатны кампазітар і музыкант стварыў у 1984 годзе да 40-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «У новай праграме мы імкнуліся шчыра і эмацыянальна, сродкамі паэзіі, музыкі, сцэнічнага ўвасаблення песень сказаць аб мінулай вайне, — узгадваў Уладзімір Мулявін. — Сказаць праз зборны вобраз яё радавога героя, безыменнага салдата, байца-партызана, які прайшоў праз усе выпрабаванні ад першых сутыкненняў з ворагам да салюта Перамогі. Сказаць пра яго мужнасць, пра яго подзвіг у імя Радзімы, пра тое, што ў самых трагічных і безвыходных сітуацыях наш баец не губляў светлых чалавечых пачуццяў і веры ў жыццё».
Праграма «Праз усю вайну» стваралася ў садружнасці з беларускім паэтам Валянцінам Та́расам, які дапамагаў Уладзіміру Мулявіну з распрацоўкай драматургічнай ідэі, дзе кожны верш павінен быў стаць адным з эпізодаў вайны, ад першага дня да апошняга, ад крывавага чэрвеньскага світання над Брэсцкай крэпасцю да пераможных майских залпаў над Масквой. Мулявін и Та́рас звярнуліся да творчасці Я. Купалы, А. Твардоўскага, А. Пракоф'ева, С. Гудзенкі, Э. Агняцвет, А. Кульчыцкага, а назву праграмы даў радок верша В. Та́раса «Балада аб фотакартцы»:
«Каждый свою вспоминал жену,
Верил в свою звезду,
С которой пронёс через всю войну
Два слова: люблю и жду…»
У якасці аранжыроўшчыкаў праграму стваралі вядучыя музыканты ансамбля «Песняры» Ігар Палівода, Уладзімір Ткачэнка і Барыс Бярнштэйн. Прем'ера праграмы «Праз усю вайну» ў Белдзяржфілармоніі ўлетку 1984 года стала значнай падзеяй у культуры Беларусі. Новая работа «Песняроў» узрушала сваёй мастацкай глыбінёй і мнагамернасцю ў адлюстраванні тэмы вайны, аб якой апавядалася праўдзіва, без помпы і фальшывага пафасу. У праграме ўпершыню прагучалі песні “Міша Камінскі”, «Балада аб фотакартцы», «Тальяначка», «Родная старонка», «Вяртанне», «Апошнія залпы» і шмат іншых кампазіцый, якія мелі каласальнае эмацыйнае ўздзеянне на слухачоў. У 1985 годзе праграма была запісана на Усесаюзнай фірме грамзапісу «Мелодыя», а таксама экранізавана ў музычна-дакументальным фільме «Праз усю вайну» (сцынарый В. Та́раса і П. Якубовіча, рэжысёр С. Лук’янчыкаў).
У 2020 годзе Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча аднаўляе песенны спектакль «Праз усю вайну» да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Дырыжор і аранжыроўшчык аркестра Аляксандр Крамко рэканструяваў музычны матэрыял праграмы (с невялікімі скарачэннямі) і зрабіў пералажэнне на інструментарый аркестра. У адноўленай прэм'еры песні з праграмы «Праз усю вайну» прагучаць у выкананні Вячяслава Ісачанкі, Ігара Задарожнага, Андрэя Коласава, Уладзіслава Даніловіча, Аляксандра Ляпунова і Паўла Бяркова. Партыю сола-гітары выканае ветэран ансамбля «Песняры», адзін са стваральнікаў праграмы «Праз усю вайну» заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ткачэнка.
Дырыжор — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Крамко.