I аддзяленне
Іаган Себасцьян Бах – Прэлюдыя і фуга Мі-бемоль мажор, BWV 552
Шарль-Мары Відор – “Miserere mei” з цыкла “Bach’s memento”
– Moderato з Сімфоніі №7, op.42/3
Луі В’ерн – Intermezzo і Adagio з Сімфоніі №3, op.28
Марсэль Дзюпрэ – Allegro deciso з цыкла “Evocation”, op.37
II аддзяленне
Вольфганг Амадэй Моцарт – Царкоўная саната До мажор, KV 336 (пералажэнне для аргана сола Зігмунда Сатмары, кадэнцыя Жана Гійю)
Луі В’ерн – “Вестмінстарскія званы” з цыкла “24 п’есы-фантазіі”, op.54
– Імправізацыя “Marche episcopale” (рэканструкцыя Даніэля Дрэло)
П’ер Кашаро – Сімфонія-імправізацыя (рэканструкцыя Джона Скота Уайтлі)
I. Agite. II. Scherzo. III. Lent. IV. Final
Цыкл канцэртаў “Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва”
“МУЗЫКА САБОРАЎ ПАРЫЖА”
лаўрэат міжнародных конкурсаў
Ягор Колесаў (Расія)
Музыказнаўца – кандыдат мастацтвазнаўства Вольга Савіцкая
Музыка сабораў Парыжа будзе гучаць 23 лістапада ў Мінску! У чарговым канцэрце цыкла “Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва” выступіць пецярбуржскі арганіст Ягор Колесаў. Велічны філарманічны орган (самы вялікі музычны інструмент ў Беларусі) паўстане ў багацці тэмбраў у музыцы Баха, Моцарта, Дзюпрэ, Відора, В’ерна, Кашаро.
Ягор Колесаў ужо паспеў скарыць мінчанаў сваімі выступленнямі. Яго выканальніцкая манера адрозніваецца арыгінальным перапляценнем традыцый расійскай, галандскай і французскай школ – ён скончыў Расійскую акадэмію музыкі імя Гнесіных, стажараваўся ў Алкмары (Галандыя) і Парыжы (Францыя). Паводле слоў вядомага арганіста Юрыя Сямёнава, інтэрпрэтацыі Ягора Колесава скончаныя, лагічныя. Але самае галоўнае ў іх – адменная адухоўленасць.
Праграму канцэрта адкрые грандыёзная Прэлюдыя і фуга Мі-бемоль мажор Іагана Себасцьяна Баха. Гэтае сачыненне абрамляе “Трэцюю частку клавірных практыкаванняў” – адзін з позніх цыклаў нямецкага майстра, па-іншаму званы “Арганнай месай”. Цыкл “Памяці Баха” быў напісаны Шарлем-Мары Відорам да 240-годдзя Баха ў 1925 годзе. Кожная з 6 п’ес адсылае слухача да пэўнага бахаўскага твора, які лёгка пазнаецца дзякуючы яркай тэме. У прыватнасці, у аснове Miserere ляжыць рэ-мінорная прэлюдыя з I тома “Добра тэмпераванага клавіра”. Сваю Трэцюю сімфонію французскі кампазітар Луі В’ерн прысвяціў свайму віртуознаму калегу – Марсэлю Дзюпрэ. Гэты твор характарызуецца сталай зменай вобразаў: кожная наступная частка кантрастуе папярэдняй. У праграме прагучаць трэцяя і чацвёртая часткі – бліскучае Intermezzo і залагоджанае Adagio. Скончыць першае аддзяленне канцэрта фінал цыкла “Evocation” М.Дзюпрэ. Напісанае ў 1939 годзе, гэта сачыненне эклектычнае і напоўнена складанымі вобразамі часу паміж дзвюх войн.
Другое аддзяленне канцэрта адкрые саната До мажор В.А.Моцарта. Адменную арыгінальнасць гэтаму светламу і жыццярадаснаму твору надае кадэнцыя вялікага французскага арганіста Ж.Гійю. Асаблівасці арганнай мовы Луі В’ерна ў значнай ступені абумоўлены багаццем гукавой палітры сімфанічнага аргана, што з’явіўся дзякуючы арганнаму майстру А.Кавайе-Колю. “Вестмінстарскія званы” – твор, створаны ў жанры французскай такаты і разлічаны менавіта на сімфанічны тып інструмента. У фінале канцэрта прагучыць пышная сімфонія П’ера Кашаро. Гэта сімфонія – імправізацыя аўтара ў знакамітым саборы Нотр-Дам де Пары ў снежні 1963 года, пазней запісаная англійскім арганістам Дж.С.Уайтлі. Сачыненне ўражвае сваім маштабам і віртуознасцю, бляскам і ўрачыстасцю.