Першую фартэпіянную санату фа мінор ор.5 М.Я.Мяскоўскі назваў "зялёнай", хоць і не пазбаўленай надзвычайнай арганічнасці зместу і завершанасці формы. А.Б.Гольдэнвейзер жа здолеў расчуць у ёй дар непраяўленага метнераўскага сімфанізму. Вобразы, сэнсы, сімвалы, закладзеныя ў форму, і змест Першай санаты (дарэчы, самай любімай санаты Андрэя Белага), дзіўным чынам узышлі праз трыццаць год у філасоўскіх празаічных разважаннях кампазітара: "Песні зямлі" павінны быць чалавечнымі. Гэта значыць, яны павінны мець сваю зямную глебу, свае карані, свае вобразы для таго, каб быць зразумелымі. Калі ж з іх беззваротна знікае след успамінаў пра "тую песню", калі яе адзіны гук "без словаў, але жывы" не натхняе і не жыватворыць нашых песень, тады яны становяцца марнымі, страчваюць сваю чалавечнасць (яснасць), бо і сама глеба, і карані, і вобразы ператвараюцца ў нежывую сыравіну-матэрыю. Слухаючы іх, мы адчуваем толькі знямогу, і ў гэтай знямозе мы бездапаможна хапаемся за слова, намагаемся нешта ўзгадаць, забытае намі... Але ж самая немудрагелістая зямная песенька, якой удалося ўспомніць "тую песню", змяшчае ў сабе і замяняе сабой для кожнага музыканта ўсю мудрасць усіх тэорый, усіх школ.
...Вечныя законы заўсёды прысутнічаюць у снах. Сны ніколі немагчыма распавесці да канца. Кожны закон — гэта "няпісаны закон", бо ніякі запіс не можа быць вычарпаным.
...Законы свету запісваюцца чалавецтвам на працягу ўсёй гісторыі і ніколі не завершацца. Тым больш — невычэрпныя законы мастацтва, якія ведаюць не тольк матэрыю і механіку, але і тайну падпарадкавання яе чалавечаму духу...
Створаная і запісаная музыка — учынак, які адкрывае таямніцу асобы аўтара. Музыканту-кампазітару амаль немагчыма казаць няпраўду...
...Хараство — заўсёды дакладнасць.
Ларыса Сiмаковiч
(з анатацыі да канцэрта Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь, дырыжор - Я.Бушкоў; 2015)
Произведение в программах концертов