Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.І.Жыновіча – найстарэйшы музычны калектыў Беларусі. Ён быў створаны ў 1930 годзе. Ля вытокаў арганізацыі і творчай дзейнасці аркестра стаялі выбітныя музыканты Дзмітрый Андрэевіч Захар і Іосіф Іосіфавіч Жыновіч.
Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І.Жыновіча заклаў падмурак развіцця прафесійнага музычнага выканальніцтва на народных інструментах у нашай краіне. Яго гісторыя непарыўна злучана з адраджэннем беларускіх цымбалаў, якія па праве завуць інструментальным голасам Беларусі. У рэпертуары аркестра больш за дзве тысячы твораў. Гэта апрацоўкі беларускіх народных песень і танцаў, арыгінальныя творы беларускіх кампазітараў, руская і замежная класіка, музыка сучасных кампазітараў, папулярная музыка. З аркестрам выступалі знакамітыя спевакі – народныя артысты СССР А.Эйзен, А.Вядзернікаў, Б.Мілжынкіеў, А.Салаўяненка, В.Нарэйка, Т.Ніжнікава, З.Бабій, Б.Штокалаў, С.Данілюк, І.Багачова, В.П’яўко, І.Кабзон і іншыя зоркі опернага і эстраднага мастацтва.
У 1975–2021 гг. аркестр узначальваў выбітны музыкант і дырыжор, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі “За духоўнае адраджэнне”, прафесар, кавалер ордэнаў Сяброўства народаў і Ордэна Францыска Скарыны, народны артыст Беларусі Міхал Антонавіч Казінец (1938–2021). З яго імем звязаны знакавыя падзеі найноўшай гісторыі аркестра. На працягу 2010–2013 гг. пад яго кіраўніцтвам калектыў ажыццявіў пастаноўку чатырох маштабных канцэртаў-спектакляў на музыку беларускіх кампазітараў Ігара Лучанка, Уладзіміра Мулявіна і Ларысы Сімаковіч. Прэм’ера паэмы-легенды “Гусляр”, рок-оперы “Песня пра долю”, мюзікла “Апокрыф” і rondo-оперы “Люцыян Таполя” па творах Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і Максіма Танка сталі падзеямі нацыянальнага маштабу і атрымалі шырокі грамадскі рэзананс. У 2016 годзе за пастаноўку гэтых буйных музычна-драматычных твораў, з’яднаных у тэтралогію, Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І.Жыновіча намінаваўся на Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь.
Сярод яркіх канцэртных праграм апошніх гадоў – аўтарскія канцэрты кампазітараў Ігара Лучанка і Арно Бабаджаняна, Александры Пахмутавай и Аляксандра Зацепина, штогадовыя серыі канцэртаў “Музыка кіно”, “Канцэрт у дзень народзінаў Уладзіміра Мулявіна”, “Сузор’ё талентаў”, “Віртуозы цымбалаў”, што знакомяць з рознымi жанрaмi інструментальнай, вакальнай і эстраднай музыкі, а таксама многія іншыя праграмы. Усе яны выклікаюць устойлівую цікавасць публікі і нязменна збіраюць аншлагі.
Аркестр даў тысячы канцэртаў у Беларусі і за яе межамі: Масква, Санкт-Пецярбург, Кіеў, Сярэдняя Азія, Сібір, Урал, Мурманск, Уладзівасток, Магадан. З поспехам праходзілі гастролі і ў далёкім замежжы – Канадзе, Турцыі, Індыі, Германіі, Румыніі, Кітаі, Польшчы.
Сёння ў аркестры 22 лаўрэаты нацыянальных і міжнародных конкурсаў, заслужаныя і народныя артысты Беларусі. За высокае выканальніцкае майстэрства калектыву прысвоена ганаровае званне “акадэмічны” (1987), пазней – званне “нацыянальны” (2003).
Галоўны дырыжор – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Яўгенавіч Крамко
Дырыжор – Аляксандр Іванавіч Высоцкі
Дырэктар – Барыс Леанідавіч Ліўшыц
Афіцыйны сайт nafo.by
Facebook https://www.facebook.com/НАНО-РБ-им-И-Жиновича-107817914195788/
+375 17 355 06 20
+375 29 150 34 95
+375 33 661 96 44 Факс:
+375 17 331 90 50