Сусветная прэм’ера канцэртнай версіі оперы
Сяргей Бельцюкоў – опера “ЛАДДЗЯ РОСПАЧЫ”
для хору, салістаў, чытальніка і сімфанічнага аркестра
(па аднайменнай навэле Уладзіміра Караткевіча)
Лібрэта – Леанід Дранько-Майсюк
заслужаныя калектывы Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Г.Р.Шырмы
Галоўны дырыжор – Вольга Янум
Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь
Галоўны дырыжор – заслужаны артыст Расіі Яўген Бушкоў
Салісты – Таццяна Траццяк сапрана
Крысціна Нікалаева-Рудкевіч меца-сапрана
Віктар Мендзелеў тэнар
Валерый Анісенка чытальнік
Хормайстар – Дзяніс Лазоўскі
***
Беларускі кампазітар Сяргей Бельцюкоў у сваёй шматгадовай прафесійнай практыцы спалучае талент і працавітасць, натхненне і штодзённую работу. Яскравая старонка вакальна-інструментальнай творчасці кампазітара – асэнсаванне спадчыны класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча.
Па матывах ранняй аповесці знакамітага пісьменніка Сяргей Бельцюкоў стварыў оперу-фэнтэзі “Лятучы Галандзец” (2013), а для чытальніка і камерна-інструментальнага ансамбля – музычныя “Вандроўкі” (2010) па казках беларускага літаратара. І вось новы твор кампазітара – опера “Ладдзя Роспачы” паводле аднайменнай караткевічскай навэлы.
Падзеі ў гэтым празаічным шэдэўры адбываюцца ў XVI стагоддзі на берагах Дняпра, у Рагачове і ў Лоеве, у адной з рэзідэнцый каралевы Боны Сфорца – рагачоўскім замку, у пекле і нават у прыёмным пакоі самой Смерці.
Галоўны герой навэлы “Ладдзя Роспачы” Гервасій Выліваха – унікум! Ён умее жыць весела, ніколі не бянтэжыцца, можа выкінуць неверагодны жарт, не абыходзіцца без форталяў, з любой складанай сітуацыі заўсёды знаходзіць выйсце, здатны і на тое, каб выйграць шахматную партыю ў Смерці. Больш таго – Гервасій здолеў перахітраваць Смерць і застацца ў жывых.
Вось і ў новай оперы “Ладдзя Роспачы” Сяргея Бельцюкова, у якой насуперак назоўніку “роспач” таксама жыве караткевічскі дух радасці, пануе вясёлая мудрасць, існуе жаданне ў кепскім бачыць добрае і пульсуе аптымізм.