Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўны камерны аркестр
Галоўны дырыжор – заслужаны артыст Расіі Яўген Бушкоў
Дырыжор – Ёрн Бойзен (Германія)
Студэнцкі хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі
Мастацкі кіраўнік і дырыжор – Інэса Бадзяка
І.С.Бах – “Пакуты па Марку” (рэканструкцыя Ёрна Бойзена)
"23 красавіка 2019 года, у Мінску на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі адбудзецца беларуская прэм'ера рэканструкцыі «Пакутаў па Марку» І.С.Баха для салістаў, хору і аркестра пад кіраўніцтвам выдатнага музыканта, аўтара гэтай рэканструкцыі, дырыжора і клавесініста Ёрна Бойзена (Германія).
Гэтая дата абраная не выпадкова, бо менавіта ў гэты дзень - 23 красавіка 2019 года, адзначаецца Дзень Святога Марка па каталіцкім календары і спаўняецца роўна 275 гадоў з дня другога аўтарскага выканання «Пакутаў» у Лейпцыгу.
У грандыёзным праекце выканання згубленага шэдэўра Баха выступяць, нароўні з музыкантамі Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнага камернага аркестра РБ, Бенджамін Глаўбіц (у ролі Евангеліста - тэнар, Германія), Джуліян Рэдлін (у ролі Хрыста - бас-барытон, Германія), салісткі Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатра оперы РБ Таццяна Гаўрылава (сапрана - Беларусь), Наталля Акініна (мецца-сапрана - Беларусь), а таксама Ансамбль салістаў аркестра Pratum Integrum (Расія) - музыкантаў, якія спецыялізуюцца ў выкананні на барочных інструментах і якія неаднаразова супрацоўнічалі з Маэстра Бойзенам.
Хачу асабліва падкрэсліць, што асноўным аргументам, які схіліў Маэстра Бойзена прыняць маё запрашэнне прыехаць у Беларусь, стала вестка пра тое, што ў Мінску ёсць хор сусветнага ўзроўню – калектыў, які валодае самымі рознымі стылямі выканання, у тым ліку і музыкі барока - Студэнцкі хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраваннем дацэнта Інэсы Бадзяка.
У рамках падрыхтоўкі праекта Маэстра Ёрн Бойзен і Джуліян Рэдлін правядуць некалькі лекцый па старадаўняй музыцы для шырокай публікі, дадуць майстар-класы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Плануецца таксама правядзенне адкрытых рэпетыцый з хорам акадэміі і генеральны прагон канцэрта з адкрытым доступам для прэсы і спецыялістаў".
Яўген Бушкоў