Білетная каса: +375 17 396-16-17

Купіць білет



Кім Таццяна (фартэпіяна)

Кім Таццяна (фартэпіяна)

Таццяна Кім – адна з яркіх прадстаўніц беларускай фартэпіяннай школы, чыя дзейнасць спалучае выканальніцкае майстэрства, навуковую працу і педагагічную адданасць прафесіі. Сёння яна ўзначальвае кафедру канцэртмайстарскага майстэрства Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, але за гэтым тытулам стаіць шлях даўжынёю ў жыццё, які пачаўся з першых урокаў у дзіцячай музычнай школе.

Лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт, загадчык кафедры канцэртмайстарскага майстэрства Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Музычную адукацыю атрымала ў Барысаўскай дзіцячай музычнай школе (клас Н.В.Міронавай), Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (клас Н.І.Ташчылінай) і Мінскім дзяржаўным музычным вучылішчы імя М.І.Глінкі (клас Ю.А.Шырынавай). Працягнула навучанне ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў класе народнага артыста Беларусі, прафесара кафедры спецыяльнага фартэпіяна І.У.Алоўнікава, потым у магістратуры і аспірантуры ў І.Ю.Аношка.

Таццяна Кім валодае яркай выканальніцкай манерай, у якой арганічна спалучаюцца тэхнічная свабода, тонкая гукавая нюансіроўка і глыбіня інтэрпрэтацыі. Яе сольныя праграмы ахопліваюць шырокі стылявы дыяпазон – ад барочнай музыкі да твораў сучасных беларускіх аўтараў. Асаблівую ўвагу піяністка надае айчыннай фартэпіяннай школе, паслядоўна прадстаўляючы яе спадчыну на канцэртнай эстрадзе.

У ансамблі піяністку вылучае рэдкае пачуццё партнёра, уменне чуць і весці дыялог з салістам, выбудоўваць адзіную драматургію твора. Менавіта тут найбольш поўна праяўляецца яе прыродная музычнасць – гнуткасць фразіроўкі, багацце тэмбравых фарбаў і бездакорнае пачуццё формы.

Таццяна Кім выступае як з сольнымі праграмамі, так і ў камерных ансамблях з вядомымі салістамі-вакалістамі і інструменталістамі. Як піяністка прымала ўдзел у канцэртах з народным артыстам Беларусі І.Алоўнікавым; супрацоўнічала з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь, Сімфанічным аркестрам Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі імя М.Я.Фінберга, ДУ “Гомельскія сімфанічныя аркестры” пад кіраўніцтвам такіх дырыжораў, як П.Глоба, В.Прылепін, Г.Майс, М.Асуіл, Ю.Караваеў, А.Лапуноў, П.Вандзілоўскі, А.Анісімаў, М.Рассоха.

Піяністка прымае ўдзел у многіх музычных фестывалях старажытнай і сучаснай музыкі. З’яўляецца пастаянным удзельнікам фестываляў “Беларуская музычная восень”, “Mandolinissimo”, праектаў “Folk strings” і “Спадчына”.

Таццяна Кім – суаўтар праекта “Спадчына”, накіраванага на папулярызацыю беларускай музыкі і захаванне нацыянальных музычных традыцый. Цесна супрацоўнічае з беларускімі кампазітарамі (А.Атрашкевіч, І.Комар, У.Каральчук, У.Грушэўскі, В.Карэтнікаў, І.Пеганаў, А.Безенсон і інш.).

Вядзе музычна-асветніцкую працу, выступаючы з канцэртамі-лекцыямі як у сістэме павышэння кваліфікацыі спецыялістаў, так і на розных музычных форумах у многіх гарадах Беларусі.

З 2016 года займаецца педагагічнай дзейнасцю. З 2024 года ўзначальвае кафедру канцэртмайстарскага майстэрства Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У 2020 годзе ёй прысвоена вучоная ступень кандыдата мастацтвазнаўства, у 2021 годзе – вучонае званне дацэнта па спецыяльнасці “Мастацтвазнаўства”.

Праводзіць майстар-класы для маладых піяністаў і канцэртмайстраў у Беларусі і за мяжой. Неаднаразова выступала ў якасці навуковага кіраўніка магістарскіх дысертацый студэнтаў акадэміі. Уваходзіць у склад журы рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў у Беларусі і Расіі.

Мае падзякі і граматы міжнародных конкурсаў і фестываляў як выканаўца, педагог і малады даследчык. Удастоена дыпломаў за лепшы акампанемент на Міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў імя Е.Кока (Кішынёў, Малдова, 2019), а таксама грамат і падзяк на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах у Кітаі (2025), Сочы (2021), Санкт-Пецярбургу (2021, 2022, 2025), Маскве (2021), Магілёве (2021, 2024), Баранавічах (2023, 2026), Мінску (2018, 2019, 2021–2024).

У якасці канцэртмайстра гастралюе па гарадах Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі, Швейцарыі.