Чаканы працяг праекта “Музычнай гасцінай” – “Зоркі беларускай оперы на сцэне філармоніі”!
Сёлета яго аўтар, мастацкі кіраўнік “Музычнай гасцінай” піяністка Таццяна Старчанка прэзентуе праграму з удзелам маладых салістаў беларускай оперы. 16 верасня ў Малой зале імя Р.Шырмы выступяць уладальнікі выдатных галасоў, выканаўцы асноўных партый у спектаклях Вялікага тэатра Беларусі лаўрэаты міжнародных конкурсаў Марта Данусевіч, Тарас Прысяжнюк і Аляксандр Міхнюк.
У першым аддзяленні канцэрта прагучаць сапраўдныя шэдэўры сусветнага опернага рэпертуару: Раманс Немарына з оперы Г.Даніцэці “Любоўны напой”, Песенька Герцага з оперы “Рыгалета” і Застольная з оперы “Травіята” Дж.Вердзі, а таксама арыі з опер П.Чайкоўскага, Р.Вагнера, Дж.Пучыні.
Другое аддзяленне канцэрта будзе аддадзена перлінам рускай камерна-вакальнай лірыкі – рамансам М.Глінкі, П.Чайкоўскага, Г.Свірыдава і Л.Дзясятнікава.