“Народны артыст Беларусі, спявак і кампазітар Якаў Навуменка быў адным з самых вядомых і запатрабаваных артыстаў беларускай эстрады, валодаў непаўторным тэмбрам голаса і магутнай сцэнічнай харызмай. Публіка любіла яго песні і заўсёды чакала яго выступленняў, як свята. Энэргічны, поўны сіл і планаў, улетку 2012 года ён загінуў у Севастопалі ў выніку трагічнага збегу абставінаў…
Апошнія 5 гадоў насычанай артыстычнай кар’еры Якава Навуменкі былі звязаны з Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца. У гэтым знакамітым калектыве Якаў Навуменка працаваў вядучым салістам. Разам з аркестрам праводзіў свае сольныя канцэрты, ездзіў на гастролі і быў шчаслівы тым, што мае магчымасць цалкам прысвячаць сябе любімай справе – выступленням на сцэне, стварэнню новых песень… У 2019-м годзе Якаву Навуменка споўнілася б 60 гадоў. Аркестр імя І.Жыновіча не забыўся пра юбілей артыста і прысвяціў яму мемарыяльны вечар «Успамінаючы Якава Навуменка», які адбудзецца 22 кастрычніка 2019 года на сцэне Белдзяржфілармоніі.
У 1-м аддзяленні канцэрта прыме ўдзел ансамбль народнай музыкі «Бяседа» пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі кампазітара Леаніда Захлеўнага. Якаў Навуменка – адзін са стваральнікаў гэтага вядомага і любімага ў Беларусі калектыву, некалькі першых канцэртных сезонаў у гісторыі ансамбля быў яго салістам.
У 2-м аддзяленні на сцэну выйдуць заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Надзея Мікуліч, паэтэса Валянціна Паліканіна, а таксма салісты аркестра імя І.Жыновіча, лаўрэаты міжнародных і нацыянальных конкурсаў Ігар Задарожны, Андрэй Коласаў, Анастасія Рачыцкая і Наталля Брацлоўская. У суправаджэнні аркестра яны выканаюць папулярныя песні з рэпертуара Якава Навуменкі і яго аўтарскія творы.
Вядучая канцэрта – Вольга Брылон”.
Інфармацыя пададзена рэдактарскім аддзелам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча