“ПАКЛОН ТАБЕ, БАЦЬКОЎСКІ КРАЙ!”
Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча запрашае адзначыць дзень нараджэння калектыву разам. Гледачы ўбачаць сапраўдную феерыю яркіх фарбаў на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі.
У праграме канцэрта “Паклон табе, бацькоўскі край” сабрана суквецце разнастайных народных касцюмаў, дзівосных галасоў і запальных танцаў. Менавіта 29 лютага быў заснаваны Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча. І з нагоды свята артысты падораць гледачам найлепшыя нумары з багатага рэпертуару, які налічвае больш за некалькі соцен твораў. У праграме прагучаць самыя розныя кампазіцыі – лірычныя і каляндарна-абрадавыя, у сучаснай аранжыроўцы і аўтэнтычныя. На сцэне адначасова будзе знаходзіцца некалькі дзясяткаў артыстаў: не толькі харавая група, але таксама танцоры і аркестр. У іх выкананні перад вачыма гледачоў пройдуць народныя няспешныя карагоды і жартаўлівыя танцы, мілагучныя вакальныя кампазіцыі зменяцца вясёлымі прыпеўкамі. Не абыйдзецца і без кампазіцый, якія ад першай да апошняй ноты напоўненыя любоўю да роднага краю.