У дні восеньскіх школьных канікул
Мюзікл для дзяцей і дарослых “КАРАЛЕЎСКІ БУТЭРБРОД”
У аснову сюжэта музычнай казкі для дзяцей была пакладзена “Балада пра каралеўскі бутэрброд” англійскага пісьменніка Алана Мілна – аўтара папулярнай казкі пра Віні-Пуха. Музыку да спектакля напісаў вядомы пецярбургскі кампазітар – заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР Георгій Партноў.
“Каралеўскі бутэрброд” – дасціпны, іранічны музычны твор з простым, немудрагелістым сюжэтам. Па даўнейшай англійскай традыцыі Кароль павінен снедаць вылучна аўсянай кашай. Аднойчы раніцай Кароль мяркуе, што надышоў час перапыніць гэту старую добрую традыцыю і патрабуе падаць яму на сняданак бутэрброд – свежы хлеб з вяршковым маслам. Як аднавіць парадак у каралеўстве і ўціхамірыць капрызнага вяльможу?
Галоўны дзейны персанаж у музычнай казцы – Карова Мацільда. Яна свята паважае традыцыі, а Кароль іх парушае. На гэтым будуецца драматургія оперы. У спектаклі ёсць арыя Каровы, арыёза Каралевы пра мармелад, дуэт Пакаёўкі і злоснага Караля і іншыя займальныя эпізоды.
Пацешны сюжэт, яркія музычныя характарыстыкі персанажаў, арыгінальнае афармленне спектакля і самае галоўнае – лёгкая для ўспрымання, блізкая моцартаўскай, музыка – прыцягнуць маленькіх гледачоў і пацешаць дарослых.
Кампазітар – Георгій Партноў
Выканаўцы роляў – лаўрэаты і дыпламанты міжнародных і нацыянальных конкурсаў, салісты Беларускай дзяржаўнай філармоніі:
Кароль – Дзмітрый Тунік бас
Каралева – Ганна Янкоўская сапрана
Пакаёўка – Марына Дабралёт сапрана
Малочніца – Тамара Рэмез сапрана
Карова – Галіна Сакольнік меца-сапрана
Аўтар – Максім Абравец барытон
Партыя фартэпіяна – лаўрэат міжнародных конкурсаў
Таццяна Лясун