Інструментальнае трыа “Капрычыа” – канцэртны калектыў, які існуе ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі з 2010 года. Спачатку ў склад трыа ўваходзілі лаўрэаты міжнародных конкурсаў Мікалай Марэцкі (домра, мандаліна), Наталля Корсак (домра, мандаліна) і Наталля Кірпічэнка (фартэпіяна). У канцэртным сезоне 2017–2018 гг. Наталлю Корсак (з-за ад’езду за мяжу) замяніў лаўрэат міжнародных конкурсаў Дзмітрый Цітоў (домра, мандаліна), а Наталлю Кірпічэнка – Анастасія Варановіч (фартэпіяна). Маладыя музыканты, якія валодаюць вялікай практыкай канцэртных выступленняў, арганічна ўвайшлі ў склад трыа.
Калектыў выконвае разнастайную музыку – ад музыкі эпохі барока, класіцызму, рамантызму да народнай музыкі. Важкае месца ў канцэртным рэпертуары “Капрычыа” займаюць апрацоўкі народнай музыкі і арыгінальныя творы для домры Мікалая Будашкіна, Аляксандра Цыганкова, Аляксандра Шалава і інш. А мандаліны ў спалучэнні з фартэпіяна дазваляюць знаходзіць новыя фарбы ў класічных творах І.С.Баха, А.Вівальдзі, Л. ван Бетховена і арыгінальных творах для мандаліны Э.Мецакапа, К.Муньера, Д.Ланфіесты і інш. Значна пашырыўся і ўзбагаціўся рэпертуар трыа з выкананнем новых п’ес беларускіх кампазітараў Уладзіміра Кур’яна, Аляксандра Рашчынскага, Уладзіміра Каральчука і інш.
Шырокі спектр рэпертуару дазваляе трыа “Капрычыа” з вялікім поспехам выступаць перад самымі рознымі аўдыторыямі. У творчым багажы трыа “Капрычыа” вельмі шмат паспяховых гастроляў. У тым ліку артысты Н.Марэцкі і Н.Корсак тройчы выступалі ў Японіі (Асака, Токіа), у большасці краін Заходняй Еўропы; удзельнічалі ў канцэртных праграмах з такімі знакамітымі музыкантамі, як Мсціслаў Растраповіч, Дзяніс Мацуеў, Дзмітрый Хварастоўскі і інш.