“Музычная гасціная” – гэта ўнікальныя аўтарскія праграмы, у якіх пададзена насычаная палітра музычных жанраў: сольныя інструментальныя канцэрты, камерна-інструментальная, камерна-вакальная, сімфанічная музыка.
Заснавальніца і мастацкая кіраўніца “Музычнай гасцінай” – піяністка Таццяна Старчанка. Яна з’яўляецца не толькі выканаўцай, але і вядучай, аўтаркай праектаў і рэжысёркай-пастаноўшчыцай усіх канцэртаў.
Некалькі праграм “Музычнай гасцінай” – адзіныя ў сваім родзе і існуюць ужо на працягу больш за 15 гадоў: “Навагоднія сюрпрызы ў Музычнай гасцінай”, “Музыканты жартуюць”, “Таццянiн Дзень у Музычнай гасцінай”, “Не толькі танга…”.
Упершыню ў Беларусі “Музычнай гасцінай” былі выкананы канцэрты І.С.Баха для двух, трох і чатырох клавіраў, канцэрт В.А.Моцарта для трох клавіраў, канцэрт для аркестра “Жоўтыя зоркі” І.Шварца, канцэрты для фартэпіяна з аркестрам М.Наймана і беларускага кампазітара А.Літвіноўскага, “Антыфармалiстычны раёк” Дз.Шастаковіча (супольна з Дзяржаўным камерным хорам Рэспублікі Беларусь), музычная казка М.Тарывердзіева “Кароль-Алень” (супольна з Дзяржаўным камерным хорам Рэспублікі Беларусь).
Незвычайна разнастайныя праграмы вечароў камернай музыкі – монаканцэрты М.Тарывердзіева, Г.Свірыдава, В.Гаўрыліна, І.Шварца, Д.Шастаковіча, П.Чайкоўскага, М.Глінкі, А.Шнітке, Э.Грыга, Р.Шумана, Ф.Шапэна, М.Наймана, Л.Дзясятнікава.
У канцэртах “Музычнай гасцінай” шырока пададзена сучасная музыка: расійская, заходняя і беларуская. У 2018–2022 гг. у канцэртных праграмах калектыву гучалі творы П.Карманава, А.Айгі, С.Ахунава, Р.Шчадрына, М.Наймана, Ф.Гласа, Г.Гарэлавай, А.Літвіноўскага, Д.Лыбіна, Д.Далгалёва. Традыцыйным стаў канцэрт “Даўнiна і сучаснасць”, праграма якога ўлучае старадаўнюю і сучасную беларускую музыку, а новая праграма “Музычнай гасцінай” “Сны аб Нясвіжы” стала адной з самых яркіх у сезоне 2021-2022 гг.
Мастацкі кіраўнік “Музычнай гасцінай”, піяністка Таццяна Старчанка актыўна канцэртуе па гарадах Беларусі і Расіі, выступаючы з сольнымі праграмамі. Шмат і плённа працуе з артыстамі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.
З 2017 года ў “Музычнай гасцінай” пададзены яшчэ адзін жанр – “Літаратурна-музычныя канцэрты”. Гэтыя канцэрты адрадзілі даўнюю добрую традыцыю: мастацкае слова на сцэне філармоніі. Са сцэны Малой залы імя Р.Шырмы ў канцэртах гэтага цыкла паэзія і проза гучаць у выкананні акцёра і рэжысёра Беларускага радыё Алега Вінярскага, а музычна-паэтычныя праграмы “Сугучча” у выкананні Таццяны Старчанка.
Адменнай фарбай у “Музычнай гасцінай” стала стварэнне ансамбля “Класік-джаз трыа” у складзе: Таццяна Старчанка (раяль), Станіслаў Альшэўскі (кантрабас), Ігар Аўдзееў (ударныя інструменты). Новае прачытанне класічнай музыкі ў джазава-эстрадных аранжаваннях дае магчымасць прыцягненні самага шырокага кола слухачоў да філарманічных канцэртаў, а ўдзел ансамбля ў святочных канцэртах “Музычнай гасцінай” – заўсёды заклад поспеху.
У апошнія гады істотна пашыраецца рэпертуар камерна-інструментальнай музыкі “Музычнай гасцінай” і канцэртных зал, у якіх яна выконваецца: мастацкая галерэя М.Савіцкага, музей “Дом Ваньковічаў”, Нацыянальны мастацкі музей, музей “Лошыцкая сядзіба”, музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі, музей-запаведнік “Нясвіж”, усе гэтыя музейна-сядзібныя прасторы, у якіх гучаць асаблівыя праграмы, падрыхтаваныя адмыслова для гэтых зал. Музыка М.Агінскага, Н.Орды, М.Ельскага, М.Радзівіла – музыка, якая складае гонар айчыннай культуры, стварае асаблівую атмасферу і з’яўляецца перлінамі сусветнай музычнай культуры.
У рамках “Музычнай гасцінай” запісаны 8 анлайн-канцэртаў і прэзентавана дзесяць CD-дыскаў: “Руская музыка”, “Бах і Моцарт”, “Шапэн”, “Музычная Гасціная” (у 2 частках), “Класік-джаз трыа” (у 2 частках), “Не толькі танга” (у 2 частках), “Зоркі Беларускай оперы на сцэне філармоніі”.
“Музычную гасціную” ведаюць і любяць па ўсёй Беларусі! Пра гэта сведчаць аншлагі на ўсіх канцэртах, газетныя і часопісныя публікацыі, выступы на дзяржаўных тэлеканалах Беларусі.
Мастацкая кіраўніца – Таццяна Генадзьеўна Старчанка
http://www.classical-artists.com/tanja-starchenko
Адміністратар – Юлія Валер'еўна Цыбульская
Тэлефоны: +375 17 374 48 32; +375291171093; e-mail: muzgostinaya@philharmonic.by
Facebook: https://www.facebook.com/muzgostinaya/
Instagram: https://www.instagram.com/tatiana_starchenko_/?hl=ru