Песні Уладзіміра Мулявіна, Ігара Паліводы, Ігара Лучанка на словы Максіма Багдановіча
11 снежня 2021 года Беларусь будзе святкаваць 130-годдзе з дня нараджэння вялікага паэта ХХ стагоддзя, аднаго з заснавальнікаў беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Жыццё паэта было кароткае, як знічка, але ён паспеў пакінуць нашчадкам вялікую творчую спадчыну. Сваім паэтычным словам, усёй сваёй творчай дзейнасцю Максім Багдановіч абудзіў нацыянальнае і духоўнае адраджэнне Беларусі і беларусаў, таму яго так любіць і шануе наша зямля. Паэзія Максіма Багдановіча стала часткай духоўнага скарба беларускага народа.
Для айчынных кампазітараў творы паэта – сапраўдная крыніца натхнення. Вершы Багдановіча пакладзены на музыку шматлікімі беларускімі кампазітарамі і самі па сабе сталі ўжо неад’емнай часткай гісторыі беларускай музычнай культуры.
На ўрачысты канцэрт з нагоды 130-годдзя Максіма Багдановіча ўсіх аматараў прыгожага пісьменства і добрай, задушэўнай песні запрашае Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І Жыновіча (мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец). У гэты вечар прагучаць песні на вершы Максіма Багдановіча выбітных беларускіх кампазітараў Ігара Лучанка, Уладзіміра Мулявіна, Ігара Паліводы і іншых. Сярод гэтых песень такія вядомыя і папулярныя, як “Зорка Венера”, “Вераніка”, “Па-над белым пухам вішняў”, “Слуцкія ткачыхі”, “Лявоніха”, “Максім і Магдалена”, “Вянок”. Песні выканаюць вядомыя і прызнаныя ў Беларусі спевакі Ян Жанчак, Вячаслаў Ісачанка, Андрэй Коласаў і Анастасія Рачыцкая.
Дырыжор канцэрта – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Крамко, вядучая – музыказнаўца Вольга Брылон.