Билетная касса:

+375 17 396-16-17

Заказ билетов

Год качества

"В начале было слово...": концерт-посвящение М.Лютеру и Ф.Скорине

Дата: 12.02.2017 начало в 19:00

Концерт-посвящение М.Лютеру и Ф.Скорине
к 500-летию немецкой и европейской реформации
к 500-летию белорусской Библии и книгопечатания
Государственный камерный хор Республики Беларусь
Художественный руководитель -
заслуженная артистка Республики Беларусь Наталья Михайлова
Солисты - Наталья Акинина, Дмитрий Капилов
Симфонический оркестр "Сapella Academia"
Художественный руководитель, дирижер, автор проекта - Алексей Фролов

"НА ПАЧАТКУ БЫЛО СЛОВА"
Музычнае прысвячэнне
Марціну Лютэру і Францішку Скарыну
Дзяржаўны КАМЕРНЫ ХОР Рэспублікі Беларусь
Мастацкі кіраўнік – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь
Наталля МІХАЙЛАВА
Ансамбль салістаў "ВЫТОКІ"
Камерны аркестр "CAPELLA ACADEMIA"
Аўтар праекта і дырыжор – лаўрэат міжнародных конкурсаў
Аляксей ФРАЛОЎ
Вядучая – Ірына ДУБЯНЕЦКАЯ
 
Салісты:
Наталля Акініна меца-сапрана
Дзмітрый Капілаў бас
Юрый Бліноў фартэпіяна
Юры Габрусь арган
Салісты ў аркестры/ансамблі:
Кацярына Пукст скрыпка-сола
Марына Новак, Вольга Федарынчык скрыпка
Святлана Галубоўская альт
Аляксей Афанасьеў віяланчэль
Сяргей Немер труба-пікала
Ягор Сушчэня труба
Андрэй Міхалевіч, Артур Туравец, Павел Шпакоўскі, Андрэй Белакураў трамбон
 
У праграме:
І аддзяленне
Ян Гус – Харал
Марцін Лютэр – Харал "Цвярдыня наша – Вечны Бог"
Нясвіжскі Канцыянал. Харал
Цыпрыян Базылік – Харал
Жэнеўскі псальм №118
Гайнрых Шютц – Кантата "Fili mi, Absalon"
 
ІІ аддзяленне
Іаган Себасцьян Бах – Канцэрт №5 фа мінор для клавесіна, струных і баса кантынуа, BWV 1056
[no tempo] Largo Presto
Іаган Себасцьян Бах – Харал №68 "Ach Herr, lass dein lieb Engelein" з "Пасіёнаў паводле Яна", BWV 245
Іаган Себасцьян Бах – Арыя альта "Erbarme dich, Mein Gott" з "Пасіёнаў паводле Мацьвея", BWV 244
Іаган Себасцьян Бах – Хор №67 "Ruht wohl, ihr heiligen Gebeine" з "Пасіёнаў паводле Яна", BWV 245
Іаган Себасцьян Бах – Арыя альта "Agnus Dei" з Месы сі мінор, BWV 232
Георг Фрыдрых Гендэль – "Alleluja" з араторыі "Месія", HWV 56

"Вось і надышоў 2017 год, калі беларусы і свет адзначаюць тры ўнікальныя Юбілеі: 500 год беларускай Бібліі, 500 год айчыннаму кнігадрукаванню, 500 год еўрапейскай Рэфармацыі Царквы, якая стала каталізатарам рэфармавання еўрапейскіх грамадстваў ў прынцыпе. Усе гэтыя феномены зрабілі магчымым такі росквіт нашай краіны, нашага народа і яго культуры, што гісторыкі аж праз 500 год, аглядаючыся ў мінулае, назвалі менавіта гэтую эпоху – Залаты Век Беларусі! Колькі б не спрабавалі скептыкі прыўменшыць ролю гэтых падзей (маўляў, ня ўсю Біблію змог надрукаваць Скарына тады, ня ў поўнай меры мова яго выдання яшчэ беларуская, а хутчэй, беларускі ізвод царкоўна-славянскай у тэкстах самога Святога Пісання, і толькі прадмовы і пасляслоўі самога Скарыны – сапраўдная старабеларуская, ня так ужо і паўплывала яго праца на тагачаснае грамадства) – усё гэта марныя спробы кволай дыскусіі на фоне іспалінскай і геніяльнай беларускай і агульнаеўрапейскай, сапраўды рэнесанснай постаці вялікага першадрукара і Асветніка, найсвятлейшай Асобы-Сімвала беларускага народа, якім быў, ёсць і будзе Францішак Скарына! Каб ня было нават больш і нікога геніяльнага і таленавітага ў Беларусі, апрача Яго, усё роўна наш народ заняў бы "пачэсны пасад між народамі", як сказаў іншы Класік. Але ж былі, былі шматлікія, і многія з іх сталі непасрэднымі паслядоўнікамі і прадаўжальнікамі Скарынавых Чынаў! Таксама як і Лютэравых у Нямеччыне, якія, у сваю чаргу, паўплывалі на ўвесь кантынент, а пазней і на ўвесь свет. Іх універсальныя праграмныя Дзеі для сваіх народаў сталіся настолькі важнымі і своечасовымі, што апярэдзіўшы большасць іншых краін і народаў вывелі свае народы на самыя перадавыя цывілізацыйныя пазіцыі, мадэрнізуючы грамадствы ў сучасныя, надаючы ім небачаную да гэтуль дынаміку развіцця, робячыся прыкладам-феноменам на многія сотні гадоў наперад!

Для яркасці асацыяцый нагадаем толькі важнейшыя паралелі той эпохі – заканадаўчыя і эканамічныя, гаспадарчыя рэформы, выданні Статутаў ВКЛ на дзяржаўнай тады старабеларускай мове, важныя хронікі і літаратурныя помнікі, як "Песня пра зубра" Гусоўскага і "Катэхізіс" Буднага, росквіт будаўніцтва магнацкіх замкаў – Мір, Геранёны, Нясвіж, Заслаўе і інш..., Віленскія і Гарадзенскі вялікакняскія рэзідэнцыі, славутая беларуская царкоўная готыка віленскіх цэркваў і Супрасля, Сынкавічаў і Мураванкі,

прыход Рэнесанса ў розныя віды мастацтва, шырокія кантакты з іншымі краінымі, падарожжы і абмен культурнымі здабыткамі, заснаванні школ, а пазней і Акадэмій, развіццё навукі – усё гэта характэрныя з'явы Залатога Веку, сімвалам і каталізатарам каторых, у значнай ступені, сталіся феномены, 500-годдзе якіх мы сёлета ўшаноўваем.

Праграма сённяшняга канцэрта – першай маштабнай падзеі з цыкла Юбілейных мерапрыемстваў – гэта спроба панарамна і універсальна паказаць шматграннасць эпохі Рэнесанса і Рэфармацыі, і выявіць яе далейшы фенаменальны ўплыў на культуру чалавецтва ў цэлым, асабліва на еўрапейскія грамадствы. Найбольш яркім прыкладам тут будзе, канечне, сам эпіцэнтр – Нямеччына. На яе мадэлі развіцця музычнай культуры ад XVI да XVIII стагоддзяў мы і убачым фенаменальнасць падзеяў 500-гадовай даўніны.

Таму у праграме прадсаўлены рэнесансныя харалы. Іх аўтары (Ян Гус, Марцін Лютэр, Буржуа, Цыпрыян Базылік і Вацлаў з Шамотул), прадстаўляюць шыроку геаграфію – ад Чэхіі, Нямеччыны і Швейцарыі да роднай Беларусі і яе суседак.

І вельмі знакава, што ля вытокаў той эпохі – "Залатога Веку Беларусі" – стала сапраўдная евангелізацыя краіны, пашырэнне Бібліі і рэальнай, а не фармальнай хрысціянскай веры. Гэта Эпоха, пра якую можам смела сказаць словамі евангеліста Яна: "На пачатку было Слова"!

Прадвеснікам усёй еўрапейскай Рэфармацыі, пачынальнікам яе ў Чэхіі яшчэ ў пач. XV ст. быў славуты хрысціянскі служыцель Ян Гус. Дзякуючы яму і яго паслядоўнкам – гусітам пачаліся цікавыя і важныя працэсы ў чэшскім грамадстве ў самой тагачаснай Царкве. Цэнтрам пропаведзі "простай" евангельскай веры робіцца Бэтлеемская Капліца ў Празе, дзе ўсе вернікі хорам пачынаюць спяваць псальмы, праслаўляючы Бога, удзельнічаць у Багаслужбе "ўсім Зборам", а не дылегуючы гэтае права толькі святарству, як было да таго. Для зручнасці некаторыя самыя ўжываныя псальмы напісалі тэхнікай фрэскі проста на сценах самога храма. Адзін з такіх унікальных насценных запісаў упершыню ў нашай эпосе "будзе агучаны" ў Беларусі. Магчыма ж гэты "Харал Яна Гуса" ужо быў спяваны ў нас 600 гадоў таму, калі яго паплечнік – Геранім Пражскі наведваў тры важныя гарады нашай краіны – Вільню, Полацак і Віцебск...

Найбольш знакамітым паслядоўнікам Гуса ў Нямеччыне быў, канечне, святар, асветнік, тэолаг, перакладчык, выдавец нямецкай Бібліі, якая сталася класічнай для будучых пакаленняў, айцец нямецкай Рэфармацыі Марцін Лютэр. Менавіта 500 год таму ён прымацаваў да дзвярэй сабора ў Вітэнбергу, дзе служыў свае 95 тэзісаў – багаслоўскіх і практычных ідэй, у якіх выражаў пэўныя нязгоды з існуючымі ў тагачаснай Царкве і грамадстве "перагібамі" і хібамі. Гэта паслужыла каталізатарам для такой шырокай дыскусіі ў грамадстве, што менавіта той момант лічыцца пачаткам шырокай Рэфармацыі... Лютэр быў вельмі рознабаковым чалавекам, адораны і музычна. Ён сам і сачыняў харалы, і браў ужо папулярныя тады мелодыі для новых хрысціянскіх гімнаў. Яго тэзіс: "Не аддадзім аніводнай прыгожай мелодыі д'яблу!"... Лютэраўскі харал "Цвярдыня наша – Вечны Бог" – адзін з самых славутых у гісторыі сусветнай музыкі.

Падобныя ж духоўныя і практычныя працэсы адбываліся і ў нашай дзяржаве – Вялікім княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім, дзе Рэфармацыя даволі хутка ахапіла вышэйшыя саслоўі і гараджан. Месцічы актыўна цікавіліся хрысціянскімі дыскусіямі, а арыстакраты шчодра ахвяравалі свае сродкі і час на Евангелізацыю краіны. Самай выдатнай і светлай постаццю сваёй эпохі тут стаў князь Мікалай Радзівіл Чорны – чорны толькі сваёй барадой. Менавіта ён стаў мецэнатам выдання ўсім вядомага "Катэхізіса" Сымона Буднага і першых нотных друкаў ва ўсім нашым рэгіёне Еўропы. Тры музычныя фрагменты з гэтых айчынных старадрукаў – Берасцейскага і Нясвіжскага Канцыяналаў 1558—1563 гг. ізноў малітоўна загучаць у Беларусі.

І яшчэ адзін музычны помнік эпохі Рэнесанса і Рэфармацыі – "Хваліце Бога, бо ласка Яго заўсёды з намі". Гэта 118-ы "Жэнеўскі Псальм" XVI стагоддзя, з асяроддзя вялікага франка-швейцарскага тэолага Жана Кальвіна, які зрабіў фундаментальны ўплыў на ўсю багаслоўскую навуку і еўрапейскую ментальнасць.

Каласальныя дасягненні евангелічнай традыцыі, якая ужо цалкам сфарміравалася ў XVI ст. грунтоўна паўплывалі на ўвесь ход гісторыі і мастацтва тых краін, дзе ўкарэніліся Рэфармацыя, асабліва ў Нямеччыне. З прыходам XVII стагоддзя – "Новага часу" і стылю Барока рэнесансныя дасягненні і адкрыцці мадыфікуюцца, ускладняюцца і ўключаюцца ў новую культурна-мастацкую парадыгму. Яркім прыкладам таго пераходнага моманта з'яўляецца Кантата "Fili mi, Absalon" Гайнрыха Шютца – вялікага нямецкага

кампазітара, "Баха XVII стагоддзя", як яго сталі называць удзячныя аматары і прафесіяналы пазнейшых эпох. У яго складаным, але фенаменальна прыгожым творы, якому ўжо амаль 400 год (а выконваецца ён у Беларусі ўпершыню), чуем напластаванні рэфармацкіх уплываў на іншую ўнікальную традыцыю – венецыянскі поліфанічны стыль, якім геніяльны нямецкі аўтар у дасканаласці авалодаў пад кіраўніцтвам музычнага генія Венецыі – Джавані Габрыэлі. Незвычайны і склад капэлы, якая выконвае названую кантату: вакальны бас-саліст, чатыры трамбоны і арганы. Гэта адзін з найбольш старадаўніх шэдэўраў для саліруючых трамбонаў у гісторыі музыкі!

Уся гісторыя музычнага мастацтва напэўна ня ведае больш высокіх узораў палёту чалавечага генія да нябесных вышынь, як музыка вялікіх Ёгана Сэбасціяна БАХА і Георга Фрыдрыха ГЕНДЭЛЯ. Менавіта іх шэдэўры склалі другую частку канцэрта да славутага 500-годдзя, таму што прысутнасць у іх творчасці рэфармацкай традыцыі, іх свядомая апора на яе, відавочна евангелістычная дзейнасць гэтых двух тытанаў нямецкай музыкі (асабліва Баха) з'яўляецца вяршыняй яе развіцця. Характэрыстычны момант: Бах нават падпісваў свае творы часта такім чынам – "Табе, Госпад", або "Адзінаму Богу слава"... А тое, што ён меў, можам сказаць, "непасрэдны кантакт" з Творцам, мяркую падцвердзіць клжны, хто слухае музыку Баха. Яго можна назваць "Евангелістам Янам у музыцы". Пра яго вялікую спадчыну, ролю, значэнне, фенаменальнасць напісаны многія тамы і шматтомнікі, яго духоўны і мастацкі скраб бясцэнны і бясконцы, як адкрытыя ў вечнасць Нябёсы! Таму нават не бярэмся ў сціплай "праграмцы" спрабаваць нешта акрэсліць ці патлумачыць. Гэта зробіць сама Яго Музыка і ўвесь Ваш жыццёвы вопыт і веды, шаноўныя слухачы!

Перакананы, што дадзеная Юбілейная праграма будзе поўная духоўнага спазнання і мастацкіх адкрыццяў для ўсіх слухачоў, ад аматараў да глыбокіх знаўцаў, бо апрача геніяльнай музыкі самой у сабе, тут ёсць яшчэ адно важнае "зерне", найважнейшае Зерне!.. Мабыць таму і дасягнулі названыя геніяльныя аўтары вяршынь Духа, праяўленыя ў шэдэўрах мастацтва, што ў аснове іх творчасці, НА ПАЧАТКУ ўсяго БЫЛО СЛОВА!"

Аляксей Фралоў, лаўрэат міжнародных конкурсаў

"В начале было слово...": концерт-посвящение М.Лютеру и Ф.Скорине