Адзін з самых яскравых і запатрабаваных еўрапейскіх перкусіяністаў свайго пакалення, чый выканальніцкі стыль спалучае віртуознасць, выразнасць і глыбокую музычнасць. Выступаў з легендарнымі артыстамі, такімі як Андрэа Бачэлі, Энніа Марыконэ, Чык Карэа, Уінтан Марсаліс, Уэйн Шортэр і Жэрар Дэпардзье. Супрацоўнічаў з вядомымі дырыжорамі, уключаючы Сямёна Бычкова, Йиржы Белаглаўка, Марчэла Роту і Манфрэда Хонека.
Лаўрэат міжнародных конкурсаў і праслухоўванняў у Італіі, Славеніі, Чэхіі, Славакіі, Кітаі, Малдове і Беларусі. Двойчы ўзнагароджаны прэміяй Чэшскага музычнага фонду (2013, 2015) за ўклад у развіццё сучаснай чэшскай музыкі.
Выступаў у якасці саліста з Чэшскім нацыянальным сімфанічным аркестрам, Каралеўскім філарманічным аркестрам Прагі, Філармоніяй імя Леаша Яначэка (Острава), Дзяржаўным камерным аркестрам Беларусі, Пражскай камернай філармоніяй PKF, Сургутскім філарманічным аркестрам, аркестрам «Імпульс» (Санкт-Пецярбург) і іншымі калектывамі. Гастраляваў па Еўропе, ЗША і Кітаі, выступаючы на такіх пляцоўках, як Альберт-хол (Лондан), Гастайг (Мюнхен), Эльбфілармонія (Гамбург), залы імя Дворжака і Сметаны (Прага), а таксама Нацыянальны цэнтр выканальніцкіх мастацтваў NCPA (Пекін).
Атрымаў вышэйшую музычную адукацыю ў Чэхіі. Скончыў бакалаўрыят і магістратуру ў Акадэміі выканальніцкіх мастацтваў у Празе, дзе навучаўся ў Вацлава Мазачэка і Даніэла Мікалашэка. Да пераезду за мяжу скончыў Рэспубліканскі музычны каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў класе прафесара Людмілы Кліндуховай. Асновы ігры на ўдарных атрымаў у Салігорскай дзіцячай музычнай школе ў свайго бацькі, Вячаслава Ждановіча.
Удасканальваў сваё майстэрства ігры на марымбе ў сусветнавядомага марымбіста Людвіга Альберта ў LUCA School of Arts (Бельгія). Праходзіў гадавую стажыроўку ў Італіі ў вядучага італьянскага прафесара ўдарных Антоніа Сантанджэла ў Кансерваторыі Перголезі (Ферма). Ігры на літаўрах навучаўся ў сола-літаўрыста Чэшскай філармоніі Міхаэля Кроўціла, а таксама ў сола-літаўрыста аркестра Gewandhaus Марэка Штэфулы (Лейпцыг, Германія).
З 2021 года працуе ў Кітаі. Быў галоўным літаўрыстам Сімфанічнага аркестра Сучжоу, з 2022 года з’яўляецца літаўрыстам Дзяржаўнага аркестра правінцыі Сычуань (Чэнду).
У 2018–2019 гадах быў асістэнтам выкладчыка ў Каралеўскай кансерваторыі Антверпэна (Бельгія), з 2018 года з’яўляецца дактарантам-даследчыкам Універсітэта Антверпэна. Праводзіў майстар-класы ў Еўропе, Кітаі і Расіі.
Антон Ждановіч з’яўляецца амбасадарам музычных брэндаў Schlagkraft Mallets (Аўстрыя) і Jinbao Music (Кітай).