АДКРЫЦЦЁ СЕЗОНА: Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь
Галоўны дырыжор – народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў
У праграме:
В.А.Моцарт – Сімфонія № 41 “Юпітар”
Дз.Шастаковіч – Сімфонія № 15
В.Падгайская – “Капітан планет” для аргана і сімфанічнага аркестра
Салістка – Вольга Падгайская арган
“Сімфонія-таямніца. Апошні шэдэўр кампазітара.
Яе выкананне ў філарманічных залах — заўсёды музычная падзея.
Як ніякая іншая, мае мноства інтэрпрэтацый. Магічна дзейнічае на дырыжораў. Усё з тае жа прычыны: таямніца. І прысутны персанаж — складаны, загадкавы, шэкспіраўскі. Курт Зандэрлінг назваў яе “трыумфам смерці”.
Пасля “крамы з цацкамі”, а так назваў кампазітар першую частку, вы абязброены харалам медных інструментаў.
Вы проста агаломшаны раптоўнай змрочнасцю. І безданню, якая раптам паўстала зеўрай. Здаецца, вы павязаны па руках і нагах, але віяланчэльнае сола пазбаўляе і гэтага: павязанасці, прывязанасці.
Вы — нідзе. Перад вамі бездань. Аголеная абяззброенасць. Але і гэта невыноснае сола нібы не вытрымлівае самога сябе і рвецца працягам харала медных.
Харал смерці. Харал яе ўрачыстай перамогі і перавагі.
Бяссільная згода і схіленая галава перад бязлітасным апошнім трыумфам.
Сімфонія №15 Дзмітрыя Шастаковіча прагучыць 20 верасня ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі.
Рызыка, вартая нашага роздуму.”
Ларыса Сімаковіч